Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
1 Иоанна 5 глава
Вера ў Божага Сына1 Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго.
2 Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем Яго запаведзі.
3 Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.
4 Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.
Сведчанне Бога аб Езусе5 Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?
6 Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў. Не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.
7 Бо трое тых, хто сведчыць:
8 Дух, вада і кроў, і гэтыя тры — адно.
9 Калі мы прымаем сведчанне людзей, то Божае сведчанне большае, бо гэта ёсць сведчанне Бога, якое Ён даў пра свайго Сына.
10 Хто верыць у Божага Сына, той мае сведчанне ў самім сабе; хто не верыць Богу, той робіць Яго ілгуном, бо не паверыў сведчанню, якое Бог даў пра свайго Сына.
11 Гэтае сведчанне ў тым, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё — у Ягоным Сыне.
12 Хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.
Апошнія настаўленні13 Я напісаў гэта вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце вечнае жыццё.
14 Давер, які мы маем да Яго, ёсць у тым, што, калі мы просім аб нечым згодна з Ягонай воляй, Ён чуе нас.
15 А калі ведаем, што Ён чуе нас, аб чым бы мы ні папрасілі, дык ведаем, што мы ўжо атрымалі тое, аб чым прасілі Яго.
16 Калі хто ўбачыць, што брат яго чыніць грэх, які не вядзе да смерці, няхай моліцца, і Бог дасць жыццё таму, хто чыніць грэх, які не вядзе да смерці. Але ёсць грэх, яківядзе да смерці, таму не кажу, каб ты маліўсяза такога.
17 Усялякая несправядлівасць — гэта грэх, але ёсць грэх, які не вядзе да смерці.
18 Мы ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо Народжаны ад Бога захоўваеяго, і злы яго не кранае.
19 Ведаем, што мы ад Бога і што ўвесь свет знаходзіцца ў злым.
20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам разуменне, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы — у Праўдзівым, у Сыне Яго Езусе Хрысце. Ён — праўдзівы Бог і Жыццё вечнае.
21 Дзеці, сцеражыцеся ідалаў!
1 Иоанна 5 глава в переводах