Читай и изучай
Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
1 Коринфянам 14 глава
15 глава »
Харызмы і агульнае дабро1 Імкніцеся да любові, клапаціцеся аб духоўным, асабліва аб дары прароцтва.
2 Хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу. Ніхто не разумее яго, бо ён пра таямнічае гаворыць.
3 А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаванне, напамін і суцяшэнне.
4 Хто гаворыць мовамі, будуе сябе, а хто прарочыць, будуе Касцёл.
5 Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб вы прарочылі, бо большы той, хто прарочыць, чым той, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе тлумачыць дзеля будавання Касцёла.
6 Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду прамаўляць да вас праз аб’яўленне, пазнанне, прароцтва і навучанне?
7 Бо і бяздушныя інструменты, ці то жалейка, ці гуслі, калі не даюць адметных гукаў, то як распазнаць, што іграюць на жалейцы ці на гуслях?
8 І калі труба будзе выдаваць невыразны гук, хто пачне рыхтавацца да бою?
9 Так і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, як зразумеюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
10 Несумненна, ёсць шмат разнастайных моў на свеце, і няма ніводнай без значэння.
11 Калі я не разумею сэнсу мовы, то буду чужынцам таму, хто гаворыць, і для мяне той, хто гаворыць, чужынец.
12 Так і вы, калі рупіцеся аб духоўных дарах, старайцеся ўзрастаць у іх дзеля будавання Касцёла.
13 Таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб умеў тлумачыць.
14 Бо калі я малюся на мовах, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным.
15 Што ж рабіць? Буду маліцца духам і буду маліцца розумам, буду спяваць духам і буду спяваць розумам.
16 Бо калі ты будзеш благаслаўляць у духу, то як неўтаямнічаны скажа «амэн» на тваё дзякаванне, калі не ведае, што кажаш?
17 Ты хораша дзякуеш, але не будуеш другога.
18 Дзякую Богу, што больш за ўсіх вас гавару мовамі,
19 але ў Касцёле хачу сказаць лепш пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на мовах.
20 Браты, не будзьце дзецьмі ў думках, але будзьце дзецьмі для зла, а ў думках будзьце сталымі.
21 У Законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Пан.
22 Так што мовы з’яўляюцца знакам не для веруючых, але для няверуючых; прароцтва ж не для няверуючых, але для веруючых.
23 Калі б увесь Касцёл сабраўся разам, і ўсе пачалі гаварыць мовамі, то калі ўвойдуць неўтаямнічаныя ці няверуючыя, ці не скажуць яны, што вы вар’яты?
24 Калі б усе прарочылі, і ўвайшоў бы няверуючы ці неўтаямнічаны, то ўсімі ён будзе дакараны, усімі асуджаны,
25 і выявяцца тайны яго сэрца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, кажучы: «Сапраўды, з вамі Бог!»
26 Што ж рабіць, браты? Калі вы збіраецеся разам, то кожны ці спявае, ці навучае, ці мае аб’яўленне, ці мову, ці тлумачэнне — усё гэтае няхай будзе на будаванне.
27 Калі хто гаворыць мовамі, гаварыце па двое, ці найбольш па трое, ды па чарзе, а тлумачыць няхай адзін.
28 Калі ж няма таго, хто тлумачыць, няхай у Касцёле маўчаць. Няхай гавораць сабе і Богу.
29 І прарокі няхай гавораць па двое ці па трое, іншыя няхай разважаюць.
30 Калі ж другому з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, то першы няхай маўчыць.
31 Бо ўсе паасобку можаце прарочыць, каб усе вучыліся і ўсе заахвочаныя былі суцешаныя.
32 Нават духі прарочыя падпарадкаваныя прарокам,
33 таму што Бог не з’яўляецца Богам бязладдзя, але спакою. Як ёсць ва ўсіх Касцёлах паміж святымі,
34 жанчыны ў Касцёлах няхай маўчаць, бо не дазволена ім гаварыць, але няхай будуць падпарадкаваныя, як і кажа Закон.
35 Калі хочуць чаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў, бо сорамна жанчыне гаварыць у Касцёле.
36 Ці ад вас выйшла слова Божае, або ці да вас адных дайшло?
37 Калі хто лічыць, што ён прарок ці мае іншы духоўны дар, няхай прызнае, што тое, пра што я пішу вам, — гэта запаведзь Пана.
38 Хто гэтага не прызнае, сам будзе непрызнаны.
39 Таму, браты мае, старайцеся прарочыць і не забараняйце гаварыць мовамі.
40 Няхай усё адбываецца прыстойна і згодна з парадкам.

 

1 Коринфянам 14 глава в переводах