Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Галатам 6 глава
Належнае стаўленне да сябе і іншых1 Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў Духу, настаўляйце яго з далікатнасцю, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці.
2 Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы.
3 Калі хто думае, што ён лепшы, а не з’яўляецца такім, той ашуквае самога сябе.
4 Няхай кожны ацэньвае свае чыны, і тады толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
5 Кожны ж панясе свой уласны цяжар.
6 Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае.
7 Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне.
8 Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў Духу, той з Духа пажне вечнае жыццё.
9 Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем.
10 Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры.
ЗАКАНЧЭННЕЗаключныя настаўленні і благаслаўленне11 Гляньце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам уласнаручна.
12 Тыя, што хочуць падабацца вам целам, змушаюць вас да абразання, каб толькі пазбегнуць пераследу за крыж Хрыста.
13 А тыя, што абразаюцца, самі не выконваюць Закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца абразаннем вашага цела.
14 Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету.
15 Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне.
16 І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, — спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым.
17 Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на сваім целе раны Езуса.
18 Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.
Галатам 6 глава в переводах