Читай и изучай
Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Титу 2 глава
3 глава »
Настаўленні для розных станаў1 Тое кажы, што адпавядае здароваму вучэнню.
2 Старэйшыя мужчыны павінны быць цвярозыя, годныя пашаны, стрыманыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасці.
3 Старэйшыя жанчыны таксама павінны паводзіць сябе так, як належыць святым, не абмаўляць, не быць нявольніцамі віна, але вучыць прыгожаму.
4 Няхай заахвочваюць маладых жанчын кахаць мужоў, любіць дзяцей,
5 быць стрыманымі, цнатлівымі, добрымі гаспадынямі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася Божае слова.
6 Юнакоў таксама вучы быць стрыманымі.
7 Ва ўсім сам давай прыклад прыгожых учынкаў, у настаўніцтве беззаганнасць, годнасць,
8 здаровае слова, бездакорнае, каб праціўнік быў пасаромлены і не мог сказаць пра нас нічога кепскага.
9 Няхай слугі падпарадкоўваюцца сваім гаспадарам, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць.
10 Няхай не прысвойваюць сабе нічога, але выяўляюць цалкам добрую волю, каб ва ўсім паказваць прыгажосць навукі Бога, Збаўцы нашага.
Дагматычныя падставы патрабаванняў11 Бо з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей,
12 якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна,
13 чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага, Езуса Хрыста,
14 які аддаў самога сябе за нас, каб адкупіць ад усялякага беззаконня і ачысціць для сябе народ выбраны, руплівы ў добрых учынках.
15 Пра гэта кажы, да гэтага заахвочвай і дакарай з усёй уладаю. Няхай ніхто табою не пагарджае!

 

Титу 2 глава в переводах