Читай и изучай
Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Откровение 2 глава
3 глава »
Да Касцёла ў Эфесе: вярніся да першай любові1 Анёлу Касцёла ў Эфесе напішы: Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых свечнікаў.
2 Ведаю твае справы, тваю працу, тваю цярплівасць і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы.
3 Ты маеш цярплівасць і пакутаваў дзеля імя Майго, і не знямогся.
4 Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў.
5 Таму згадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся. Рабі так, як ты рабіў спачатку. Калі не, то Я прыйду да цябе і зрушу твой свечнік з яго месца, калі ты не пакаешся.
6 Але добра тое, што ты ненавідзіш учынкі нікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
7 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам есці з дрэва жыцця, што ў раі Бога.
Да Касцёла ў Смірне: будзь верны аж да смерці8 Анёлу Касцёла ў Смірне напішы: Так кажа Першы і Апошні, які быў мёртвы, але ажыў:
9 Я ведаю пра твой уціск і ўбоства, але ты багаты; ведаю пра блюзнерствы тых, хто называе сябе юдэямі, аднак не з’яўляюцца імі, але сінагогаю сатаны.
10 Не бойся таго, што павінен выцерпець. Вось д’ябал збіраецца кінуць некаторых з вас у вязніцу, каб вы зведалі выпрабаванне. І будзеце зносіць уціск дзесяць дзён. Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця.
11 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці.
Да Касцёла ў Пергаме: змяні свае паводзіны12 Анёлу Касцёла ў Пергаме напішы: Так кажа той, хто мае востры двухбаковы меч.
13 Я ведаю, дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, хоць трымаешся імені Майго і не адмовіўся ад веры ў Мяне, нават у дні, калі Мой верны сведка Антыпа быў забіты ў вас, дзе жыве сатана.
14 Але Я маю крыху супраць цябе, бо там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Балаама, які навучыў Балаака стварыць спакусу для сыноў Ізраэля, каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі.
15 Таксама ў цябе ёсць тыя, хто падобна трымаецца вучэння нікалаітаў.
16 Таму апамятайся. У адваротным выпадку Я хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом Маіх вуснаў.
17 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам укрытую манну і белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя, якога не ведае ніхто, акрамя таго, хто яго атрымлівае.
Да Касцёла ў Тыятыры: адплачу кожнаму паводле ўчынкаў18 Анёлу Касцёла ў Тыятыры напішы: Так кажа Сын Божы, які мае вочы, быццам полымя агню, а ногі Яго падобны да бліскучай бронзы.
19 Я ведаю твае справы, любоў, веру, служэнне і тваю цярплівасць, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.
20 Але Я маю супраць цябе тое, што ты дапускаеш жанчыну Ізабэль, якая называе сябе прарочыцай, навучае і зводзіць Маіх слугаў, каб чыніць распусту і спажываць ахвярапрынашэнні ідалам.
21 Я даў ёй час апамятацца, але яна не хоча адвярнуцца ад сваёй распусты.
22 Вось кіну яе на ложа, а тых, хто распуснічае з ёю, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх справаў.
23 Дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы. Я адплачу кожнаму з вас паводле ягоных учынкаў.
24 Кажу ўсім вам, астатнім у Тыятыры, хто не мае гэтага вучэння і хто не пазнаў, як кажуць, глыбіняў сатаны, што Я не ўскладу на вас іншага цяжару.
25 Але тое, што маеце, захоўвайце, пакуль не прыйду.
26 Хто пераможа і захавае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над народамі,
27 і ён будзе пасвіць іх жалезным кіем;як гліняны посуд яны будуць разбітыя.
28 І як узяў Я ад Айца Майго, так і яму дам ранішнюю зорку.
29 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.

 

Откровение 2 глава в переводах