Библия » Пераклад Яна Станкевіча
От Луки 19 глава
1 І ўвыйшоў у Ерыхон, і праходзіў перазь яго.
2 І вось, муж, званы Закхеям, а ён быў начэльнік мытнікаў, і быў багаты,
3 І жадаў бачыць Ісуса, хто Ён, але ня мог за гурбаю, бо быў малога росту.
4 І, забегшы наперад, узьлез на дзікую фіґу, каб магчы бачыць Яго, бо тудэй меў неўзабаве прайсьці.
5 І, прышоўшы да таго месца, глянуўшы ўгару, Ісус абачыў яго й сказаў яму: «Закхею, баржджэй зьлезь далоў, бо сядні Я маю застацца ў доме тваім».
6 І ён борзда зьлез, і веціў Яго з радасьцяй.
7 І ўсі, бачачы гэта, наракалі, кажучы: «Ён зайшоўся гасьцяваць да дому грэшнае людзіны».
8 А Закхей, стаўшы, сказаў Спадару: «Спадару, вось, палавіцу маемасьці свае я аддам убогім, і, калі каго чым укрыўдзіў, аддам чатыры разы толькі».
9 І Ісус сказаў яму: «Сядні прышло спасеньне дому гэтаму, бо й ён сын Абрагамаў;
10 Бо Сын Людзкі прыйшоў шукаць а спасьці загінулых».
11 Як жа яны слухалі гэта, дадаў прыпавесьць, бо Ён быў блізка да Ерузаліму, і яны думалі, што гаспадарства Божае мае неўзабаве зьявіцца.
12 Дык сказаў: «Якісь чалавек высокага роду пайшоў да далёкага краю, каб адзяржаць сабе гаспадарства і зьвярнуцца.
13 І, гукнуўшы дзесяцёх слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім : "Таргуйце, пакуль я прыйду".
14 Але грамадзяне ягоныя ненавідзілі яго і паслалі за ім пасолства, кажучы: "Мы ня хочам, каб гэты чалавек гаспадарстваваў у нас"».
15 І сталася, як ён зьвярнуўся, адзяржаўшы гаспадарства, што ён казаў пагукаць да сябе тых слугаў, каторым даў грошы, каб даведацца, колькі кажны зь іх прыдбаў, таргуючы.
16 І прышоў першы, кажучы: "Спадару, міна твая прыспарыла дзесяць мінаў".
17 І ён сказаў яму: Добра, добры слуга; за тое, што ты ў малым быў верны, май уладу над дзесяцьма местамі".
18 І прышоў другі, кажучы: "Спадаґру, міна твая прыспарыла пяць мінаў".
19 Сказаў і гэтаму: "І ты будзь над пяцьма местамі".
20 І прышоў іншы, кажучы: "Спадару, во міна твая, каторую я хаваў у хустцы;
21 Бо я баяўся цябе, бо ты людзіна стродкая: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў".
22 Ён кажа яму: "Вуснамі тваімі я суджу цябе, нягодны слуга; ты ведаў, што я стродкая людзіна, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;
23 Дык чаму ты не аддаў грошы маіх на стол, і я, прышоўшы, адзяржаў бы з прыбыткам?".
24 І сказаў тым, што тут стаялі: "Вазьміце ад яго міну і дайце таму, хто мае дзесяць мінаў".
25 (І сказалі яму: "Спадару, ён мае дзесяць мінаў").
26 "Бо кажу вам, што кажнаму маючаму дасца; а ад нямаючага адыймецца й тое, што мае.
27 Непрыяцеляў жа маіх гэтых, што не хацелі, каб я гаспадарстваваў у іх, прывядзіце сюды й забіце перад імною"».
28 Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далёй, узыходзячы да Ерузаліму.
29 І сталася, як дабліжыўся да Віффаґі а Віфані, да гары, званае Аліўнай, паслаў двух вучанікаў Сваіх,
30 Кажучы: «Ідзіце да сяла, што насупроці, у каторым, увыйшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзіце.
31 І калі хто папытаецца ў вас: "Нашто адвязуеце?" скажыце яму гэтак: "Бо Спадар яго патрабуе"».
32 І пасланыя, пайшоўшы, знайшлі, як Ён сказаў ім.
33 Як жа яны адвязавалі асьлянё, гаспадары сказалі ім:«Нашто адвязуеце асьлянё?»
34 А яны адказалі: «Бо Спадар патрабуе яго».
35 І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы адзецьце свае на асьлянё, пасадзілі на яго Ісуса.
36 І як Ён ехаў, расьсьцілалі адзежы свае на дарозе.
37 А як Ён бліжыўся да схону Аліўнае гары, уся множасьць вучанікаў пачала, цешачыся, вялікім голасам хваліць Бога за ўсі магучыя ўчынкі, што яны бачылі,
38 Кажучы: «Дабраславёны Кароль, што йдзець у імя Спадарова! супакой на нябёсах і слава на вышах!»
39 Але некатрыя з фарысэяў з гурбы сказалі Яму: «Вучыцелю, згань вучанікаў сваіх».
40 І, адказуючы, сказаў ім: «Кажу вам, калі гэтыя будуць маўчэць, камяні загукаюць».
41 І, як дабліжыўся, бачачы места, плакаў па ім,
42 Кажучы: «Калі б і ты ведала, нават ты, прынамся гэтага дня твайго, што ё да супакою табе, але схавана гэта цяпер ад аччу тваіх;
43 Бо прыйдуць на цябе дні, што непрыяцелі твае акружаць цябе валам, і аблягуць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
44 І зрынуць цябе на зямлю, і дзеці твае ў табе, і не пакінуць у табе каменя на каменю, бо не пазнала пары даведаньня свайго».
45 І, увыйшоўшы да сьвятыні, пачаў аддаляць прадаючых і купляючых у ёй,
46 Кажучы ім: «Пісана: "Дом Мой ё дом малітвы", а вы зрабілі яго пячораю разбойнікаў».
47 І навучаў кажнага дня ў сьвятыні. Найвышшыя ж сьвятары а кніжнікі а старцы люду шукалі загубіць Яго.
48 І не знайшлі, што зрабіць, бо ўвесь люд, не адступаючы, слухаў Яго.
От Луки 19 глава в переводах