Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Судьи 6 глава
1 Зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і аддаў іх СПАДАР у рукі Мідзянян на сем год.
2 І сілілася рука Мідзянян над Ізраелям. Ад Мідзянян зрабілі сабе сынове Ізраелявы раськепіны ў горах а пячоры а гарады.
3 І было: як пасее Ізраель, і ўвыйдзе Мідзян а Амалік а сынове ўсходу, і ўзыходзяць на яго;
4 І разьлягаліся табарамі, і нікбілі плады зямлі аж да прыходу твайго да Ґазы, і не пакідалі на выжывеньне ў Ізраелю ані авечкі, ані вала, ані асла;
5 Бо яны й статкі іхныя ўзыходзілі з буданамі, прыходзілі, як шаранча, у множасьці; а ім і вярблюдом іхным ня было ліку, і прыходзілі да зямлі Ізраельскае, каб пустошыць яе.
6 І пагалеў Ізраель вельмі ад Мідзянян, і загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА.
7 І было, як загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА на Мідзянян,
8 Дык паслаў СПАДАР чалавека, прароку сыном Ізраелявым, і сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я ўзьвёў вас ізь Ягіпту, і вывеў вас із дому нявольнікаў,
9 І выбавіў вас із рукі Ягіпцян і з рукі ўсіх, што ўціскалі вас, і прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхную,
10 І сказаў вам: ’Я СПАДАР, Бог ваш; ня бойцеся багоў Аморэйскіх, у каторых зямлі вы жывіце’; але вы не паслухалі голасу Майго"».
11 І прышоў Ангіл СПАДАРОЎ, і сеў у Офры пад дубам Ёаша Авезрацкага, а Ґедэон, сын ягоны, малаціў тады пшонку ў вінной таўчэльні, каб схаваць яе ад Мідзян.
12 І зьявіўся яму Ангіл СПАДАРОЎ, і сказаў яму: «СПАДАР із табою, дужасіле!»
13 І сказаў яму Ґедэон: «О спадару мой! І калі СПАДАР із намі, дык чаму стрэла нас усе гэта? І йдзе ўсі чудосы Ягоныя, праз каторыя павядалі нам айцове нашы, кажучы: "Ці не зь Ягіпту вывеў нас СПАДАР?" А цяпер пакінуў нас СПАДАР і аддаў нас у рукі Мідзянян».
14 І зьвярнуўся да яго СПАДАР, і сказаў: «Ідзі з гэтаю сілаю сваёю і выбаві Ізраеля з рукі Мідзянян; ці ня Я пасылаю цябе?»
15 І сказаў Яму: «О СПАДАРУ мой! чым выбаўлю я Ізраеля? Вось, наша тысяча найбяднейшая ў Манаса, і я наймалодшы ў доме айца свайго».
16 І сказаў яму СПАДАР: «Бо Я буду з табою, і ты паразіш Мідзянян, як аднаго чалавека».
17 І сказаў Яму: «Калі ж я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, то зрабі імне знак, што Ты гутарыш з імною.
18 Не адступі адсюль, пакуль я ня прыйду да Цябе, і ня вынясу дару свайго, і не палажу перад табою». Ён сказаў: «Я забаўлюся тут, аж пакуль зьвернешся».
19 І Ґедэон зайшоўся й прыгатаваў казянё а праснакоў зь ефы мукі; мяса палажыў у сутнік, а страву ўліў у гаршчок, і прынёс да Яго пад дуб, і дабліжыў.
20 І сказаў яму Ангіл Божы: «Вазьмі мяса а праснакі, і палажы на гэтую скалу, і вылі страву». Ён так і зрабіў.
21 І выцягнуў Ангіл СПАДАРОЎ канец палкі, каторая ў руццэ ў яго, і дакрануўся да мяса а праснакоў; і ўзышло цяпло із скалы, і зжэрла мяса а праснакі; і Анліл СПАДАРОЎ адышоў ад аччу ягонага.
22 І абачыў Ґедэон, што Ангіл СПАДАРОЎ гэта, і сказаў Ґедэон: «О гора, Спадару СПАДАРУ! бо я бачыў Ангіла СПАДАРОВАГА відам у від».
23 І сказаў яму СПАДАР: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш».
24 І збудаваў там Ґедэон аброчнік СПАДАРУ, і назваў яго: СПАДАР Супакою, — Егова Шалом. Ён яшчэ дагэтуль у Офры Авезравай.
25 І сталася тае ночы, што сказаў яму СПАДАР: «Вазьмі цялё-бычка айца свайго і другога быка сямігодняга і разбуры аброчнік Ваала ў вайца свайго, дзерва балванова, каторае ля яго, сьсячы,
26 І збудуй аброчнік СПАДАРУ, Богу свайму, на версе гэтага моцнага месца на ўладжаным месцу, і вазьмі другога быка, і абрачы на ўсепаленьне на дровах дзерва балвановага, каторае сьсячэш».
27 І ўзяў Ґедэон дзесяцёх чалавекаў із слугаў сваіх, і зрабіў, як казаў яму СПАДАР. І сталася; а што баяўся хатніх айца свайго і людзёў места, калі б зрабіў гэта ўдзень, то зрабіў гэта ночы.
28 І ўсталі месцкія людзі нараніцы, і вось, разбураны аброчнік Ваалаў, і дзерва балванова пры ім сьсечана, і другі бык узьнесены на ўсепаленьне на аброчніку збудаваным.
29 І казалі адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І яны сачылі, і шукалі, і сказалі: «Ґедэон Ёашонак зрабіў гэта».
30 І сказалі месцкія людзі Ёашу: «Вывядзі сына свайго, хай ён памрэць, бо разбурыў аброчнік Ваалаў, і за тое, што сьсек дзерва балванова, каторае пры ім».
31 Ёаш сказаў усім, што стаялі каля яго: «Ці вам сьперачацца за Ваала, ці вам спасаць яго? Хто будзе сьперачацца за яго, тый хай памрэць да раньня; калі ён Бог, то хай сам сьперачаецца за сябе, за тое, што разбураны аброчнік ягоны».
32 І назваў яго таго дня Еруваалом, кажучы: «Хай Ваал сьперачаецца зь ім, ён разбурыў аброчнік ягоны».
33 І ўвесь Мідзян, і Амалік, і сынове ўсходу зьберліся разам, і перайшлі раку, і разьлягліся табарам на даліне Ізраельскай.
34 І Дух СПАДАРОЎ ахінуў Ґедэона: ён затрубіў у рог і згукаў за сабою Авезра.
35 І паслаў паслоў па ўсім Манасу, і яго таксама згукалі за ім; і паслаў паслоў да Ашэра а Завулона а Неффаліма, і гэтыя ўзышлі наўпярэймы ім.
36 І сказаў Ґедэон Богу: «Калі Ты манішся выбавіць рукою маёй Ізраеля, як казаў Ты,
37 Дык вось, я расьцялю стрыжаную воўну на такаўні: калі раса будзе адно на воўне, а на ўсёй зямлі суха, то буду ведаць, што выбавіш рукою маёй Ізраеля, як казаў Ты».
38 І сталася так: і ўстаўшы назаўтрае ён пачаў сьціскаць воўну, і выціснуў з воўны расы цэлы жбанок вады.
39 І сказаў Ґедэон Богу: «Хай не ўзгарыцца гнеў Твой на мяне, што я скажу яшчэ раз, калі ласка, спрабую адно гэты раз із воўнаю: няхай будзе суха на аднэй воўне, а на ўсёй зямлі няхай будзе раса».
40 І зрабіў Бог так тае ж ночы: і было суха на воўне аднэй, а на ўсёй зямлі была раса.
Судьи 6 глава в переводах