Читай и изучай
Библия » Пераклад П. Татарыновіча
1 Иоанна 4 глава
5 глава »
1 Мілыя мае! Не кажнаму духу верце, але распазнавайце духаў, ці яны ад Бога, шмат бо хвальшывых прарокаў выйшла на сьвет.*
2 А духа Божага пазнаецца вось з чаго: кажны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, з Бога ёсьць;*
3 а кажны дух, што Езуса не вызнае, ня ёсьць ад Бога, але ёсьць гэным Антыхрыстам, аб якім вы чулі, што прыдзе і цяпер вось ужо ёсьць на сьвеце.
4 Вы, дзеткі, з Бога і паканалі іх, большы бо Той, Хто ў вас ёсьць, чым той, што ў сьвеце.
5 Яны ёсьць зы сьвету, таму й гавораць па-сьвецку й сьвет іх слухае.
6 Мы з Бога ёсьць; хто знае Бога, слухае нас; а хто ня з Бога, ня слухае нас; з гэтага й распазнаём духа праўды і духа маны.*
7 Любыя мае! Любем адзін другога, бо любасьць ад Бога ёсьць; і кажны, хто любіць, з Бога народжаны ды знае Бога;
8 а хто ня любіць — не пазнаў Бога, Бог бо ёсьць любасьць.
9 У тым выявілася Божая любасьць да нас, што Бог спаслаў на сьвет адзінароднага Сына свайго, каб мы жылі праз Яго.
10 Любасьць у тым, што ня мы Бога палюбілі, але Ён першы узлюбіў нас і спаслаў свайго Сына дзеля зласкаўоення за грахі нашы.
11 Найдаражэйшыя! Калі нас палюбіў гэтак Бог, дык і мы павінны любіць адзін другога.
12 Бога ніхто ніколі ня бачыў, калі мы ўзаемна любімся, дык Бог прабывае ў нас, і любасьць Яго ў нас ёсьць дасканальная.
13 Што Ён прабывае ў нас, а мы ў Ім, дык гэта пазнаём з таго, што даў нам з Духа Свайго.
14 І мы бачылі ды сьветчым, што Айцец паслаў Сына, Збавіцеля Сьвету.
15 Хто вызнае, што Езус ёсьць Сынам Божым, у тым прабывае Бог, а ён у Богу.*
16 Мы пазналі міласьць, якую мае да нас Бог, ды ўверылі ў яе. Бог ёсьць міласьцю і хто трывае ў міласьці, ў Богу трывае, а Бог трывае ў ім.
17 Міласьць Бога з намі датаго дасканаліцца, што мы маем надзею на дзень суду, бо які Ён, гэткія й мы ў гэтым сьвеце.
18 У любасьці няма боязі, дасканальная любасьць выганяе боязь, яна бо наводзіць прыгнобу; хто баіцца, той у любасьці ня ёсьць дасканальны.*
19 Мы восьжа любім Бога, бо Ён першы ўмілаваў нас.
20 Каліб хто казаў, што любіць Бога, а брата свайго ненавідзеўбы, той ілгун; бо той, хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, якжа можа Бога любіць, Якога ня бачыць?
21 І мы гэткае прыказанне маем ад Бога: каб хто любіць Яго, любіў і брата свайго.

 

1 Иоанна 4 глава в переводах