Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Псалтирь 31 глава
1 Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.
2 На Цябе, Госпадзе, спадзяюся, не асаромлюся навекі; паводле справядлівасці Тваёй вызвалі мяне.
3 Прыхілі вуха Тваё да мяне, паспяшайся, каб выбавіць мяне. Будзь для мяне скалой абароны і домам прыбежышча, каб збавіць мяне.
4 Бо Ты цвярдыня мая і прыбежышча маё, і дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.
5 Выведзі мяне з пасткі, якую скрыта паставілі на мяне, бо Ты — цвярдыня мая.
6 У рукі Твае аддаю дух мой. Ты выкупіў мяне, Госпадзе, Божа праўды.
7 Ты зненавідзеў тых, што шануюць марнасці пустыя, а я на Госпада спадзяюся.
8 Буду цешыцца і радавацца ў міласэрнасці Тваёй, бо Ты глянуў на пакорлівасць маю; Ты даведаўся пра патрэбы душы маёй.
9 І не пакінуў Ты мяне ў руках непрыяцеля; на прасторным месцы паставіў ногі мае.
10 Злітуйся нада мною, Госпадзе, бо я прыгнечаны; стурбавалася ў тузе вока маё, душа мая і нутро маё.
11 Бо ў пакутах змарнела жыццё маё і гады мае ў стагнаннях; саслабела ва ўбогасці сіла мая і павысыхалі косці мае.
12 Я зрабіўся пасмешышчам для ўсіх ворагаў маіх, для суседзяў маіх, і страхоццем для знаёмых: тыя, што бачылі вонкі мяне, уцякалі ад мяне.
13 Я забыты ў сэрцах, быццам нябожчык; стаўся падобным я да бітай пасудзіны.
14 Бо я чуў нараканне ад многіх, жудасць наўкола — калі яны сышліся там разам супраць мяне, змовіліся вырваць душу маю.
15 А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; кажу: «Ты — мой Бог.
16 У Тваіх руках — лёс мой». Вырві мяне з рук непрыяцеляў маіх і ад тых, што пераследуюць мяне;
17 пралі святло аблічча Твайго над слугою Тваім, збаў мяне ў міласэрнасці Тваёй.
18 Госпадзе, не дай сумецца мне, бо я клічу Цябе; хай асаромяцца бязбожнікі, хай яны ў пекла сыдуць
19 Хай занямеюць вусны ілжывыя, якія нягодныя рэчы гавораць з пыхаю і пагардай супраць справядлівага.
20 Якое вялікае мноства Тваіх даброццяў, Госпадзе, якія Ты прыхаваў для тых, хто спадзяецца на Цябе. Ты ўчыніў гэта для тых, якія спадзяюцца на Цябе перад абліччам сыноў чалавечых.
21 Пад заслонай аблічча Твайго Ты захоўваеш ад хвалявання людзей, абараняеш іх у палатцы ад і языкоў звадлівых.
22 Дабраславёны Госпад, бо з’явіў мне міласэрнасць Сваю ў горадзе ўмацаваным.
23 А я казаў у збянтэжанні маім: «Адрынуты я ад вачэй Тваіх». Але Ты выслухаў голас малення майго, калі я ўсклікаў да Цябе.
24 Любіце Госпада, усе святыя Яго! Верных захоўвае Госпад, а тым, што ў пыхлівасці ходзяць, аддае з лішкам.
25 Будзьце мужныя і ўмацоўвайце сэрца вашае, вы ўсе, што спадзеяцеся на Госпада.
Псалтирь 31 глава в переводах