Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Числа 8 глава
1 І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
2 «Аб’яві Аарону і скажы яму: “Калі будзеш запальваць лямпы, то супраць той часткі, што звернута да падсвечніка, павінны гарэць сем лямпаў”».
3 І Аарон зрабіў так, і на падсвечніку запаліў лямпы, як загадаў Госпад Майсею.
4 А такім быў выраблены падсвечнік: з золата чаканенага як цэнтральны стрыжань, так і кветкі яго скаваны. Быў падсвечнік зроблены паводле ўзору, які паказаў Госпад Майсею.
5 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
6 «Вазьмі левітаў з грамады сыноў Ізраэля і ачысці іх
7 адпаведна гэтаму абраду: хай будуць акроплены яны вадой збавення, і хай паголяць яны ўсе валасы на целе сваім, і хай вымыюць адзенне сваё, і ачысцяць сябе.
8 Хай возьмуць бычка са статка і ахвяру да яго з мукі, запраўленай алеем; а другога бычка са статка ты возьмеш у ахвяру за грэх
9 і прывядзеш левітаў да палаткі сустрэчы, паклікаўшы мноства сыноў Ізраэля.
10 І калі левіты збяруцца перад Госпадам, хай сыны Ізраэля пакладуць на іх рукі свае,
11 і хай Аарон уздыме перад Госпадам дар ад сыноў Ізраэля, каб яны служылі Яму.
12 Таксама левіты хай ускладуць рукі свае на галовы бычкоў, і ты аднаго з іх вазьмі за грэх, а другога — у ахвяру Госпаду на цэласпаленне, каб ачысціць іх.
13 І пастаў левітаў перад Ааронам і яго сынамі, і ўздымі іх перад Госпадам,
14 і аддзялі ад грамады сыноў Ізраэля, каб былі яны Маімі;
15 а потым хай прыходзяць, каб служыць у палатцы сустрэчы. І так ты іх ачысціш, і ўздымеш іх,
16 бо яны Мне аддадзены з грамады сыноў Ізраэля; узяў Я іх замест першародных, якія адкрываюць усе ўлонні ў Ізраэля.
17 Бо мае ўсе першародныя з сыноў Ізраэля, як з людзей, так і з жывёлы. Ад дня, у які ўдарыў Я па ўсім першародным у зямлі Егіпецкай, Я іх пасвяціў Сабе.
18 І ўзяў Я левітаў замест усіх першародных з сыноў Ізраэля,
19 і перадаў Я іх у дар Аарону і сынам яго ад грамады сыноў Ізраэля, каб служылі Мне за ўвесь Ізраэль у палатцы сустрэчы і каб перамольваць Госпада за іх, каб усцерагчы ад кары народ, калі б хто адважыўся наблізіцца да свяцілішча».
20 І Майсей і Аарон і ўся грамада сыноў Ізраэля зрабілі з левітамі так, як Майсею загадаў Госпад, так і зрабілі з імі сыны Ізраэля.
21 І ачысціліся левіты, і памылі адзенне сваё, Аарон жа ўзняў іх перад Госпадам і ачысціў іх, каб, ачышчаныя,
22 спаўнялі яны свае абавязкі ў палатцы сустрэчы ў прысутнасці Аарона і сыноў яго; так загадаў Госпад Майсею, так было зроблена адносна левітаў.
23 І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
24 «Гэта — закон адносна левітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй хай прыходзяць яны, каб служыць у палатцы сустрэчы;
25 а калі пройдзе пяцідзясяты год жыцця, хай пакінуць служыць, каб захоўваць тое, што ім было даручана;
26 і будуць толькі памочнікамі братоў сваіх у палатцы сустрэчы, але саму працу хай не выконваюць. Так зрабі з левітамі адносна іх службы».
Числа 8 глава в переводах