Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Судьи 3 глава
1 Гэта народы, якія Госпад пакінуў, каб праз іх выпрабаваць Ізраэль, усіх, якія не ведалі войнаў з хананеямі,
2 каб навучыліся наступныя пакаленні сыноў Ізраэля змагацца з ворагамі, бо яны не ведалі войнаў:
3 пяць валадароў філістынскіх, а таксама ўсе хананеі, сідонцы і гівеі, што пражывалі ў гарах Лібана, пачынаючы ад гары Баал-Гэрмон аж да ўваходу ў Эмат.
4 Ён пакінуў іх, каб праз іх выпрабаваць Ізраэля, ці будзе ён трымацца настаўленняў Госпада, якія загадаў Ён бацькам іх праз Майсея, ці не.
5 Такім чынам сыны Ізраэля абжыліся сярод хананеяў, хетэяў, амарэяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў.
6 І бралі яны за жонак іх дачок, і самі сваіх дачок аддавалі іх сынам, і служылі багам іх.
7 І дапусціліся сыны Ізраэля ліха перад Госпадам, і забыліся на Госпада, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце.
8 І разгневаўся Госпад на Ізраэль, і аддаў іх у рукі Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і служылі сыны Ізраэля яму восем гадоў.
9 І прызывалі яны Госпада, Які паставіў ім збаўцу Атаніэля, сына Кенэза, малодшага брата Калеба, які вызваліў іх.
10 І быў на ім Дух Госпадаў, і судзіў ён Ізраэль; і ваяваў ён; і аддаў Госпад у рукі яго Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і ён перамог яго.
11 І адпачывала зямля сорак гадоў, і Атаніэль, сын Кенэза, памёр.
12 А сыны Ізраэля зноў пачалі чыніць ліха перад абліччам Госпада, Які ўмацаваў супраць іх Эглона, цара Мааба, бо чынілі яны ліха перад Госпадам.
13 І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пабіў Ізраэль, і заняў горад Пальмаў.
14 І сыны Ізраэля служылі Эглону, цару Мааба, васемнаццаць гадоў.
15 І сыны Ізраэля клікалі Госпада, Які даў ім збаўцу Эгуда, сына Гэра, з пакалення Бэньяміна, які замест правай карыстаўся левай рукой. Сыны Ізраэля паслалі праз яго дары Эглону, цару Мааба.
16 І Эгуд зрабіў сабе меч двухбаковавостры, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад сваім адзеннем на правым баку,
17 і прынёс ён падарункі Эглону, цару Мааба. Эглон жа быў вельмі тлусты.
18 І калі даў яму дары, адпусціў людзей, якія іх прынеслі;
19 і, вярнуўшыся з Галгала, дзе былі ідалы, сказаў цару: «О цар, маю для цябе таемнае слова». І той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі.
20 Эгуд жа падышоў да яго, калі ён сядзеў у летнім пакоі, які займаў толькі ён адзін, і сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той хутка падняўся з пасада.
21 І Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і ўсадзіў яго ў жывот яго
22 так моцна, што чаранок услед мечу ўвайшоў у рану і засеў у вялікім тлушчы. І ён не выняў меча, але пакінуў яго ў целе, так, як ударыў, і адразу ж, з-за сакрэтаў прыроды, кал са страўніка лінуў наверх.
23 І выйшаў Эгуд у залу, і замкнуў за сабою дзверы пакоя, і ўмацаваў іх засаўкай.
24 Пасля яго выхаду прыйшлі царскія паслугачы, і, калі ўбачылі замкнутыя дзверы пакоя, сказалі: «Напэўна, мыецца ў летнім пакоі».
25 І чакалі доўга, пакуль не ўстрывожыліся, і, бачачы, што ніхто не адчыняе, узялі ключы, і адчынілі дзверы, і знайшлі гаспадара свайго, які ляжаў на зямлі нежывы;
26 Эгуд жа, пакуль яны чакалі, уцёк і прайшоў ідалаў, адкуль вярнуўся і прыбыў у Сэйру.
27 І зараз жа затрубіў у трубу на гары Эфраім; і сыны Ізраэля сышлі з ім з гары, і ён ішоў на чале.
28 Сказаў ён ім: «Ідзіце за мною; бо Госпад выдаў ворагаў вашых, маабцаў, у вашы рукі». І яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, каторымі праходзяць у Мааб, і не дазволілі нікому прайсці.
29 І ў гэты час забілі яны каля дзесяці тысяч маабцаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя мужчыны. І ніводзін з іх не змог уцячы.
30 І ўпакораныя былі ў той дзень маабцы ізраэльцамі, і восемдзесят гадоў зямля жыла спакойна.
31 Па ім быў Самгар, сын Аната, які пабіў філістынцаў шэсцьсот чалавек кіем для быкоў, і сам ён таксама ўратаваў Ізраэль.
Судьи 3 глава в переводах