Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
1 Царств 5 глава
1 А філістынцы ўзялі каўчэг Божы і занеслі яго з Абэн-Эзэра ў Азот.
2 Панеслі філістынцы каўчэг Божы і занеслі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.
3 І калі на другі дзень азотцы ўсталі, вось, Дагон ляжаў на зямлі, схіліўшыся перад каўчэгам Божым; і паднялі яны Дагона, і паставілі на сваё месца.
4 І зноў на другі дзень, рана ўстаўшы, знайшлі Дагона, што ляжаў тварам сваім уніз перад каўчэгам Бога Ізраэля; галава ж Дагона і дзве далоні рук яго, адсечаныя, ляжалі на парозе: а толькі тулава Дагона засталося пры ім.
5 З-за гэтае прычыны святары Дагона і ўсе, хто ўваходзіць у яго храм, не ступаюць на парог Дагона ў Азоце па сённяшні дзень.
6 І рука Госпада была ў цяжар жыхарам Азота, і Ён напалохаў іх, і пакараў Ён нарывамі: як Азот, так і яго ваколіцы.
7 А людзі Азота, бачачы такую кару, казалі: «Хай не застаецца каўчэг Божы ў нас, бо жорсткая Яго рука на нас і на Дагоне, богу нашым».
8 І праз пасланцоў сабралі яны ў сябе ўсіх кіраўнікоў філістынскіх, і сказалі: «Што маем зрабіць з каўчэгам Бога Ізраэля?» І яны адказалі: «Трэба каўчэг Божы перавезці ў Гет». І перанеслі яны каўчэг Бога Ізраэля.
9 Калі ж перанеслі яго, сталася рука Госпада над горадам, і страх надта вялікі; і ўдарыў Госпад жыхароў горада ад малога да вялікага; і з’явіліся на іх нарывы.
10 Дык адаслалі яны каўчэг Божы ў Акарон. І, калі прыбыў каўчэг Божы ў Акарон, паднялі крык акаронцы, кажучы: «Яны прынеслі да нас каўчэг Божы Ізраэля, каб выгубіць нас і народ наш!»
11 І праз пасланцоў сабралі яны ўсіх кіраўнікоў філістынскіх, і казалі: «Адашліце каўчэг Бога Ізраэля, хай вяртаецца ён на месца сваё і хай не забівае нас з народам нашым».
12 Апанаваў бо страх смерці ўвесь горад, і занадта цяжкая стала рука Божая. Таксама людзі, якія не паўміралі, былі пакрытыя нарывамі, і лямант у горадзе падымаўся ў неба.
1 Царств 5 глава в переводах