Читай и изучай
Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
1 Петра 4 глава
5 глава »
1 Дык вось, калі Хрыстос мучыўся за нас целам, то і вы ўзбройцеся тэй-жа думкай, бо той, хто мучыцца це́лам, перастае грашыць,
2 каб рэшту часу ў це́ле жыць ужо не паводле чалаве́чага пажаданьня, але паводле Божае волі.
3 Бо даволі ўжо, што вы ў мінулы час жыцьця паступалі паводле волі паганаў, ходзячы ў нячыстасьці, пажаданьнях, п’янстве, банкетаваньні, піцьці й лёгкамысным служэньні ідалам;
4 затым то яны й дзівяцца, што не бяжыцё разам з імі на той жа разьліў распусты, і абмаўляюць вас.
5 Яны здадуць справу Таму, Хто ма́е хутка судзіць жывых і паме́ршых.
6 Бо на тое-ж і для мёртвых была абве́шчана добрая ве́сьць, каб яны, засуджаныя па-чалаве́чаму це́лам, жылі па-Божаму духам.
7 Дый усяму блізкі кане́ц. Дык будзьце мудрымі і чувайце ў малітвах.
8 Найбольш за ўсё ме́йце шчырую любоў адзін да аднаго; бо любоў пакрывае множства грахоў.
9 Будзьце гасьціннымі адны да адных без нараканьняў.
10 Служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя будаўнічыя рознароднае ласкі Божае.
11 Ці гаворыць хто з вас, — гавары, як словы Божыя; ці служыць хто, — служы па сіле, якую дае́ Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і сіла на ве́кі вякоў. Амін.
12 Умілаваныя! Ня цурайцеся агнявое спакусы, дзеля выпрабаваньня вам пасыланае, хоць-бы дзіўнае здарылася вам.
13 Але, калі прымаеце ўчасьце ў муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў зьяўле́ньні славы Яго ўзрадавацца і павесяліцца.
14 Калі абмаўляюць вас за імя Хрыстовае, то вы шчасьлівыя; бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас. Гэнымі Ён зьняважаецца, а вамі выслаўляецца.
15 Абы толькі не цярпе́ў хто з вас мукі, як забойца, або злодзей, або злачынец, ці пасягаючы на чужое;
16 а калі як Хрысьціянін, то не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзе́л.
17 Бо час пачацца суду ад дому Божага; калі-ж пе́рш ад нас пачне́цца, дык што за кане́ц непакараючыхся Эвангельлю Божаму?
18 І калі праведнік ле́дзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе́ пака́жацца?
19 Дык і пакутуючыя па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Стварыцелю, душы свае́, робячы дабро.

 

1 Петра 4 глава в переводах