Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

1 Паралипоменон 19 глава

1 І сталася пасьля гэтага, і памёр Нахаш, валадар сыноў Амона, і заваладарыў сын ягоны пасьля яго.
2 І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, бо бацька ягоны зьявіў мне міласэрнасьць». І паслаў Давід пасланцоў пацешыць яго па бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давіда ў зямлю сыноў Амона да Хануна, каб пацешыць яго.
3 І сказалі князі сыноў Амона Хануну: «Ці Давід шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў пацяшыцеляў да цябе? Ці ня дзеля таго, каб высачыць і зьнішчыць, і выведаць зямлю прыйшлі слугі ягоныя да цябе?»
4 І ўзяў Ханун слугаў Давіда, і пагаліў іх, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, да азадкаў, і адпусьціў іх.
5 І прыйшлі яны, і паведамілі Давіду пра людзей гэтых. І ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».
6 І ўбачылі сыны Амона, што яны сталі ненавісныя Давіду, і паслаў Ханун і сыны Амона тысячу талентаў срэбра, каб наняць сабе калясьніцы і вершнікаў з Арам-Нагараіму, і з Арам-Маахі, і з Цовы.
7 І яны нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьнічнікаў і валадара Маахі, і народ ягоны. І яны прыйшлі, і паставілі [намёты] перад абліччам Мэдэвы. І сыны Амона сабраліся з гарадоў сваіх, і прыйшлі на бітву.
8 І пачуў Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.
9 І вырушылі сыны Амона, і пашыхтаваліся на бітву каля брамы гораду, а валадары, якія прыйшлі, [стаялі] асобна ў полі.
10 І ўбачыў Ёаў, што будзе ў яго бітва сьпераду і ззаду, і выбраў усіх выбранцоў Ізраіля, і выставіў іх у шыхт супраць Араму.
11 А рэшту народу даў пад руку Абішая, брата свайго, і яны сталі ў шыхце супраць сыноў Амона.
12 І сказаў ён: «Калі Арам будзе мацнейшы за мяне, ты прыйдзеш на дапамогу мне; а калі сыны Амона будуць мацнейшыя за цябе, я дапамагу табе.
13 Будзь моцны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага. А ГОСПАД няхай зробіць, што добра ў вачах Ягоных».
14 І вырушыў Ёаў і народ, які з ім, на бітву з Арамам; і тыя ўцяклі перад абліччам ягоным.
15 А сыны Амона ўбачылі, што ўцёк Арам, і самі ўцяклі ад Абішая, брата ягонага, і ўвайшлі ў горад, а Ёаў пайшоў у Ерусалім.
16 І ўбачыў Арам, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і паслаў пасланцоў, і прывялі Арамлянаў, якія былі з таго боку ракі, і Шафах, князь войска Гададэзэра, [быў] на чале іх.
17 І паведамілі Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і перайшоў Ярдан, і прыйшоў да іх, і паставіў шыхт супраць іх, і паставіў шыхт Давід для бітвы супраць Арама, і біліся з ім.
18 І ўцёк Арам перад абліччам Ізраіля, і забіў Давід у Арама сем тысячаў калясьнічнікаў, і сорак тысячаў пяхотнікаў, і Шафаха, князя войска, усьмерціў.
19 І ўбачылі слугі Гададэзэра, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і замірыліся з Давідам, і служылі яму. І не хацеў Арам больш ратаваць сыноў Амона.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.