Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
1 Паралипоменон 19 глава
1 Сталася ж па гэтым, што памёр Наас, цар аманіцян, і замест яго сын яго стаў царом.
2 І сказаў Давід: «Акажу зычлівасць Ханону, сыну Нааса; бацька бо яго быў спагадлівы да мяне». Ды выправіў Давід пасланнікаў, каб суцешыць яго дзеля смерці бацькі яго. Калі пасланнікі Давіда прыбылі ў зямлю аманіцян, каб суцешыць Ханона,
3 князі аманіцян сказалі Ханону: «Ты, можа, думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў пасланнікаў суцешыць цябе; і не заўважаеш, што для распазнавання, і разведвання, і спусташэння зямлі тваёй прыбылі паслугачы яго да цябе».
4 Таму Ханон узяў паслугачоў Давіда, і пагаліў, і абрэзаў тунікі іх ад клубоў да пятаў, і адпусціў іх.
5 Калі вярнуліся яны і аб гэтым паведамілі Давіду, ён паслаў насустрач ім — вялікую бо ім ганьбу зрабілі — і загадаў, каб затрымаліся ў Ерыхоне, пакуль не адрасце ў іх барада, і каб потым вярнуліся.
6 А калі аманіцяне, разумеючы, што Давід зненавідзеў іх, паслалі, як Ханон, так і астатні народ, тысячу талентаў срэбра, каб за іх наняць сабе калясніцы і коннікаў з Мэсапатаміі, і з Сірыі Маахі, і з Собы;
7 ды нанялі яны сабе трыццаць дзве тысячы калясніц і цара Маахі з народам яго. Калі яны прыбылі, расклаліся лагерам у ваколіцы Мэдаба; таксама сыны Амона сабраліся са сваіх гарадоў і прыбылі ваяваць.
8 Калі пра гэта пачуў Давід, паслаў Ёаба з усім войскам мужных ваяроў.
9 І выйшлі аманіцяне і сталі ў строй каля гарадской брамы; а цары, якія прыйшлі на дапамогу, асобна сталі ў полі.
10 Таму Ёаб, разумеючы, што пагражае яму бой і спераду, і ззаду, падабраў наймужнейшых ваяроў з усяго Ізраэля і выступіў супраць сірыйцаў;
11 астатнюю ж частку войска даручыў брату свайму Абісаю і выступілі яны супраць аманіцян.
12 І сказаў Давід: «Калі мяне перамогуць сірыйцы, ты будзеш мне ў дапамогу; калі ж цябе перамогуць аманіцяне, я табе дапамагу.
13 Будзеце мужнымі ды будзем змагацца мужна за народ свой і за гарады Бога нашага; а Госпад, што Яму будзе добрым, зробіць».
14 Такім чынам, наблізіўся Ёаб і народ, які быў з ім, да сірыйцаў, каб ваяваць, і яны ўцяклі ад іх.
15 А аманіцяне, бачачы, што сірыйцы ўцяклі, таксама і самі ўцяклі перад яго братам Абісаем, ды адступілі ў горад. Ды Ёаб вярнуўся ў Ерузалім.
16 Сірыйцы ж, бачачы, што былі пабіты Ізраэлем, паслалі веснікаў і прывялі сірыйцаў, якія былі за ракой. Софах жа, кіраўнік войска Ададэзэра быў іх камандзірам.
17 Калі аб гэтым паведамілі Давіду, ён сабраў увесь Ізраэль, і прайшоў Ярдан, і падышоў да іх, і накіраваў строй супраць іх, і ваяваў з імі.
18 А сірыйцы ўцяклі перад ізраэльцамі, і Давід знішчыў сем тысяч калясніц сірыйскіх і сорак тысяч пехацінцаў, і Сабаха, камандзіра войска.
19 А паслугачы Ададэзэра, бачачы, што пераможаны Ізраэлем, прымірыліся з Давідам і служылі яму; і сірыйцы больш не хацелі аказваць дапамогу аманіцянам.
1 Паралипоменон 19 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча