Библия » Пераклад Антонія Бокуна
1 Паралипоменон 21 глава
1 І паўстаў шатан на Ізраіля, і зьвёў Давіда, каб ён палічыў Ізраіля.
2 І сказаў Давід Ёаву і князям народу: «Ідзіце, палічыце Ізраіль ад Бээр-Шэвы аж да Дана, і прынясіце мне, каб я ведаў лік іхні».
3 І сказаў Ёаў: «Няхай памножыць ГОСПАД стакроць народ Свой больш таго, колькі яго ёсьць. Ці ня ўсе яны, гаспадару мой, валадару, слугі гаспадара майго? Навошта шукае гэтага гаспадар мой? Навошта гэта мае быць віною Ізраілю?»
4 Але слова валадара перамагло Ёава; і выйшаў Ёаў, і хадзіў па ўсім Ізраілі, і прыйшоў у Ерусалім.
5 І даў Ёаў лічбу палічанага народу Давіду; і было ўсіх Ізраільцян тысяча тысячаў і сто тысячаў мужоў, якія выцягваюць меч, а ў Юды — чатырыста семдзясят тысячаў, якія выцягваюць меч.
6 А Левія і Бэн’яміна ён не палічыў між імі, бо слова валадара было агідным для Ёава.
7 І кепскай была ў вачах Божых справа гэтая, і Ён ударыў Ізраіля.
8 І сказаў Давід Богу: «Моцна саграшыў я, што зрабіў рэч гэтую. І цяпер даруй беззаконьне слузе Твайму, бо я зрабіў вельмі неразумна».
9 І прамовіў ГОСПАД да Гада, відушчага Давіда, кажучы:
10 «Ідзі і прамоў да Давіда, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Тры [кары] Я кладу перад табою. Выбяры сабе адну з іх, і Я зраблю табе”».
11 І прыйшоў Гад да Давіда, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Вазьмі сабе
12 або тры гады голаду, або тры месяцы будзеш уцякаць перад ворагамі тваімі, і меч ворагаў тваіх будзе даганяць цябе; або тры дні — меч ГОСПАДА і пошасьць на зямлі, і анёл ГОСПАДА будзе нішчыць у-ва ўсіх межах Ізраіля”. І цяпер разваж, якое слова прынесьці мне Таму, Хто паслаў мяне».
13 І сказаў Давід Гаду: «Цяжка мне вельмі! Лепш патраплю ў рукі ГОСПАДА, бо вельмі вялікая міласьць Ягоная, але я ня траплю ў рукі чалавека».
14 І спаслаў ГОСПАД заразу на Ізраіля, і памерла ў Ізраілі семдзясят тысячаў мужоў.
15 І паслаў Бог анёла ў Ерусалім, каб нішчыць яго. І, калі ён нішчыў, глянуў ГОСПАД, і пашкадаваў, што [адбываецца] ліха, і сказаў анёлу нішчыцелю: «Досыць ужо! Стрымай руку тваю». А анёл ГОСПАДА стаяў каля току Арнана Евусэя.
16 І ўзьняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла ГОСПАДА, які стаяў паміж зямлёй і небам, і меч ягоны аголены ў руцэ ягонай, скіраваны на Ерусалім. І ўпаў Давід і старшыні, якія былі апранутыя ў зрэбніцы, на абліччы свае.
17 І сказаў Давід Богу: «Ці ж ня я сказаў, каб палічыць народ? І я — той, хто саграшыў і ўчыніў злачынства. А гэтыя авечкі, што яны зрабілі? ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Няхай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а ў народзе Тваім няхай ня будзе загубы».
18 І анёл ГОСПАДА сказаў Гаду, і ён сказаў Давіду, каб Давід пайшоў і паставіў ахвярнік ГОСПАДУ на таку Арнана Евусэя.
19 І пайшоў Давід, паводле слова Гада, якое ён прамовіў у імя ГОСПАДА.
20 І павярнуў Арнан, і ўбачыў анёла, і чатыры сыны ягоныя, [што былі] з ім, і схаваліся. А Арнан малаціў пшаніцу.
21 І прыйшоў Давід да Арнана. І глянуў Арнан, і ўбачыў Давіда, і выйшаў з току, і пакланіўся Давіду абліччам да зямлі.
22 І сказаў Давід Арнану: «Дай мне месца току, і я пабудую на ім ахвярнік ГОСПАДУ. За срэбра поўнай [вагі] дай мне яго, і будзе забраная пляга ад народу».
23 І сказаў Арнан Давіду: «Вазьмі сабе [яго], і няхай гаспадар мой, валадар, робіць тое, што добрае ў вачах ягоных. Глядзі, я даю валоў на цэласпаленьне, і малатарню на дровы, і пшаніцу — на ахвяру хлебную, усё гэта я даю».
24 І сказаў валадар Давід Арнану: «Не, бо, купляючы, куплю за срэбра поўнай [вагі], бо не вазьму таго, што тваё, каб скласьці ГОСПАДУ ахвяру цэласпаленьня дармовага».
25 І даў Давід Арнану за месца гэтае золата вагою шэсьцьсот сыкляў.
26 І пабудаваў там Давід ахвярнік ГОСПАДУ, і склаў ахвяры цэласпаленьня, і ахвяры мірныя, і клікаў ГОСПАДА, і Ён адказаў яму агнём з неба на ахвярнік цэласпаленьня.
27 І сказаў ГОСПАД анёлу, і ён вярнуў меч свой у похвы свае.
28 У той час, калі ўбачыў Давід, што адказаў яму ГОСПАД на таку Арнана Евусэя, ён склаў там ахвяру.
29 А Сяліба ГОСПАДА, якую зрабіў Майсей у пустыні, і ахвярнік цэласпаленьня былі ў той час на ўзгорку ў Гібэоне.
30 І ня мог Давід пайсьці да яго, каб спытацца ў Бога, бо быў напалоханы мячом анёла ГОСПАДА.
1 Паралипоменон 21 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча