Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
1 Паралипоменон 21 глава
1 І паўстаў сатана на Ізраіля, і падбіў Давіда зрабіць пералік Ізраільцянаў.
2 І сказаў Давід Ёаву і начальнікам у народзе: ідзеце пералічэце Ізраільцянаў, ад Вірсавіі да Дана і прадстаўце мне, каб я ведаў лік іх.
3 І сказаў Ёаў: хай памножыць Гасподзь народ Свой у сто разоў да таго, колькі ёсьць яго. Ці ня ўсе яны, спадару мой цар, рабы гаспадара майго? Навошта ж патрабуе гэтага гаспадар мой? Каб залічылася гэта ў віну Ізраілю?
4 Але царскае слова пераважыла Ёава. І пайшоў Ёаў і абышоў усяго Ізраіля, і прыйшоў у Ерусалім.
5 І падаў Ёаў Давіду сьпіс народнага перапісу, і было ўсіх Ізраільцянаў тысяча тысяч, і сто тысяч мужоў, якія агаляюць меч, і Юдэяў — чатырыста семдзесят тысяч, якія агаляюць меч.
6 А лявітаў і Веньямінянаў ён ня лічыў сярод іх, бо царскае слова было агіднае Ёаву.
7 І незаўгодная была ў вачах Божых дзея гэтая. І Ён пабіў Ізраіля.
8 І сказаў Давід Богу: вельмі зграшыў я, што зрабіў гэта. І цяпер даруй віну раба Твайго, бо я ўчыніў вельмі неразумна.
9 І гаварыў Гасподзь Гаду празорліўцу, Давідаваму, і сказаў:
10 ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары я прапаную табе, выберы сабе адну зь іх, — і Я пашлю яе на цябе.
11 І прыйшоў Гад да Давіда, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: выбірай сабе:
12 альбо тры гады — голад, альбо тры месяцы будуць цябе перасьледаваць ворагі твае і меч ворагаў тваіх будзе даставаць да цябе; альбо тры дні — меч Гасподні і пошасьць на зямлі і анёл Гасподні зьнішчальны ва ўсіх межах Ізраіля. Дык вось, разгледзь, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне са словам.
13 І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі, але хай лепш упаду ў рукі Госпада, бо вельмі вялікая мілажальнасьць Ягоная, толькі б ня ўпасьці мне ў рукі чалавечыя.
14 І паслаў Гасподзь пошасьць на Ізраіля і памерла Ізраільцянаў семдзесят тысяч чалавек.
15 І паслаў Бог анёла ў Ерусалім, каб вынішчаць яго. І калі ён пачаў вынішчаць, убачыў Гасподзь і пашкадаваў за гэта бедства, і сказаў анёлу-зьнішчальніку: годзе, цяпер апусьці руку тваю. А анёл Гасподні стаяў тады над гумном Орны Евусэяніна.
16 І падняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла Гасподняга, які стаяў паміж зямлёю і небам, з аголеным у руцэ ягонай мечам, працягнутым на Ерусалім; і ўпаў Давід і старэйшыны, пакрытыя вярэтай, на абліччы свае.
17 І сказаў Давід Богу: ці ж ня я загадаў палічыць народ? я зграшыў, я ўчыніў ліха, а гэтыя авечкі што зрабілі? Госпадзе, Божа мой, хай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а не на народзе Тваім, каб загубіць яго.
18 І анёл Гасподні сказаў Гаду, каб той сказаў Давіду: хай Давід прыйдзе і паставіць ахвярнік Госпаду на гумне Орны Евусэяніна.
19 І пайшоў Давід, па слове Гада, якое ён казаў ад імя Госпада.
20 Орна абярнуўся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго зь ім зьніклі. Орна малаціў тады пшаніцу.
21 І прыйшоў Давід да Орны. Орна зірнуў, і ўбачыўшы Давіда, выйшаў з гумна, і пакланіўся Давіду тварам да зямлі.
22 І сказаў Давід Орну: аддай мне месца пад гумном, я пабудую на ім ахвярнік Госпаду; за сапраўдную цану аддай мне яго, каб спынілася вынішчэньне народу.
23 І сказаў Орна Давіду: вазьмі сабе; хай робіць гаспадар мой цар, што яму заўгодна; вось я аддам і валоў на цэласпаленьне, і малацільныя прылады на дровы, і пшаніцу на прынашэньне; усё гэта аддаю дарам.
24 І сказаў цар Давід Орну: не, я хачу купіць у цябе за сапраўдную цану, бо ня буду прыносіць я тваёй уласнасьці Госпаду, і ня буду прыносіць на цэласпаленьне ўзятае дарам.
25 І даў Давід Орну за гэта месца шасьцьсот сікляў золата.
26 І спарудзіў там Давід ахвярнік Госпаду і ўзьнёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры; і заклікаў Госпада, і Ён пачуў яго, паслаўшы агонь зь неба на ахвярнік цэласпаленьня.
27 І сказаў Гасподзь анёлу: вярні меч твой у похвы яго.
28 У гэты час Давід, бачачы, што Гасподзь пачуў яго на гумне Орны Евусэяніна, прынёс там ахвяру.
29 А скінія Гасподняя, якую зрабіў Майсей у пустыні, і ахвярнік цэласпаленьня былі ў той час на вышыні ў Гаваоне.
30 І ня мог Давід пайсьці туды, каб ісьціць Бога, бо напалоханы быў мечам анёла Гасподняга.
1 Паралипоменон 21 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча