Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

1 Паралипоменон 23 глава

1 І Давід стаў стары і насычаны днямі, і ён паставіў Салямона, сына свайго, за валадара над Ізраілем.
2 І сабраў ён усіх князёў, і сьвятароў, і лявітаў.
3 І былі палічаны лявіты ад трыццаці гадоў і вышэй; і быў лік іхні, паводле галоваў мужчынаў, — трыццаць восем тысячаў.
4 З іх для кіраваньня працаю ў Доме ГОСПАДА — дваццаць чатыры тысячы, а наглядчыкаў і судзьдзяў — шэсьць тысячаў.
5 І чатыры тысячы прыдзьвернікаў, і чатыры тысячы тых, якія хваляць ГОСПАДА на [музычных] інструмэнтах, якія зробленыя для хвалы.
6 І падзяліў іх Давід на чэргі паводле сыноў Левія — Гершома, Кегата і Мэрары.
7 З [сыноў] Гершома — Лаэдан і Шымэй.
8 Сыны Лаэдана: галоўны — Ехіэль, Зэтам і Ёэль, тры.
9 Сыны Шымэя: Шэляміт, Хазіэль і Харан, тры. Гэта галовы [дамоў] бацькоў Лаэдана.
10 Сыны Шымэя: Яхат, Зіна, Еуш і Бэрыя. Гэта сыны Шымэя, чатыры.
11 Яхат быў галоўны, а Зіна — другі; але Еуш і Бэрыя ня мелі шмат сыноў, і яны былі ў адной чарзе дому бацькі [свайго].
12 Сыны Кегата: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль, чатыры.
13 Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон быў аддзелены, каб пасьвяціць яго для Сьвятога Сьвятых, яго і сыноў ягоных, на вякі, каб яны кадзілі перад абліччам ГОСПАДА, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Ягонае на вякі.
14 А Майсей [быў] чалавек Божы, сыны ягоныя залічаныя да калена Левія.
15 Сын Майсея: Гершом і Эліэзэр.
16 Сыны Гершома: Шэвуэль галоўны.
17 І былі сыны Эліэзэра: Рэхавія галоўны. І не было ў Эліэзэра іншых сыноў, а сыноў Рэхавіі было вельмі шмат.
18 Сыны Іцгара: Шэляміт галоўны.
19 Сыны Хеўрона: Ерыя галоўны, Амарыя другі, Ехазіэль трэці, Екамэам чацьвёрты.
20 Сыны Узіэля: Міха галоўны, Ішшыя другі.
21 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Сыны Махлі: Элеазар і Кіш.
22 І памёр Элеазар, і не было ў яго сыноў, але толькі дочкі; і ўзялі іх сыны Кіша, браты іхнія.
23 Сыны Мушы: Махлі, Эдэр, Ірэмот, тры.
24 Гэта сыны Левія, паводле дамоў бацькоў сваіх, галовы [дамоў] бацькоў, паводле сьпісаў сваіх, паводле ліку імёнаў, паводле галоваў іхніх, якія рабілі працу служэньня ў Доме ГОСПАДА, ад дваццаці гадоў і вышэй.
25 Бо Давід сказаў: «ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў супакой народу Свайму, і Ён будзе жыць у Ерусаліме на вякі.
26 І таксама лявітам ня трэба насіць Сялібу і ўсялякія прылады ейныя для служэньня ў ёй».
27 Таму, паводле апошніх словаў Давіда, палічаны сыны Левія ад дваццаці гадоў і вышэй,
28 бо занятак іхні — быць пры сынах Аарона для служэньня ў Доме ГОСПАДА, на панадворках і ў пакоях, і дзеля ачышчэньня ўсяго сьвятога, і для выкананьня служэньня ў Доме Божым,
29 і пры хлябах пакладных, і пры муцэ для ахвяры хлебнай, пры печыве прэсным, пры тым, што печанае і што смажанае, і пры ўсім, што ўзважваюць і мераюць,
30 і каб яны станавіліся кожную раніцу славіць і хваліць ГОСПАДА, а таксама ўвечары,
31 і пры ахвярах цэласпаленьня для ГОСПАДА ў суботы, у маладзік і ў сьвяты, у ліку, паводле парадку, вызначанага ім, назаўсёды перад абліччам ГОСПАДА,
32 і каб яны стаялі на варце пры Намёце Спатканьня, на варце сьвятыні, і на варце пры сынах Аарона, братах сваіх, на служэньні ў Доме ГОСПАДА.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.