Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 25 глава

1 Дваццаць пяць гадоў было Амазіі, калі ён пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму.
2 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня шчырым сэрцам.
3 І сталася, калі ўмацавалася за ім валадарства, ён пазабіваў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага.
4 Але сыноў іхніх не пазабіваў, бо напісана ў Законе, у кнізе Майсея, якому загадаў ГОСПАД, кажучы: «Не памруць бацькі за сыноў, і сыны не памруць за бацькоў, але кожны за грэх свой мае памерці».
5 І сабраў Амазія Юду, і паставіў іх паводле дамоў бацькоў, паводле начальнікаў над тысячамі і паводле начальнікаў над сотнямі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне; і палічыў іх ад веку дваццаці гадоў і вышэй, і знайшоў іх трыста тысячаў чалавек выбраных, якія выходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт.
6 І наняў ён у Ізраілі сто тысячаў ваяроў мужных за сто талентаў срэбра.
7 І чалавек Божы прыйшоў да яго, кажучы: «Валадару, няхай не ідзе з табою войска Ізраіля, бо няма ГОСПАДА з Ізраілем, з усімі сынамі Эфраіма.
8 Але ты ідзі, рабі, будзь мужны ў бітве, бо можа зрабіць Бог, што ты спатыкнешся перад абліччам ворага, бо ёсьць моц у Бога, каб дапамагчы і каб прывесьці да спатыкненьня».
9 І сказаў Амазія чалавеку Божаму: «А што рабіць з сотняй талентаў, якія я аддаў дружынам Ізраіля?» І сказаў чалавек Божы: «ГОСПАД можа даць табе больш за гэта».
10 І аддзяліў Амазія тыя дружыны, якія прыйшлі да яго з Эфраіма, каб яны ішлі на месца сваё. І вельмі ўзгарэўся гнеў іхні на Юду, і яны вярнуліся на месца сваё, палаючы гневам.
11 А Амазія ўмацаваўся, і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Салёную, і пабіў сыноў Сэіру дзесяць тысячаў.
12 І дзесяць тысячаў жывых узялі ў палон сыны Юды; і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх з вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся.
13 А людзі з дружынаў, якіх Амазія вярнуў, каб яны не ішлі з ім на вайну, рассыпаліся па гарадах Юды, ад Самарыі аж да Бэт-Харону; і забілі там тры тысячы [чалавек], і нарабавалі здабычу вялікую.
14 І сталася, калі Амазія вярнуўся, пабіўшы Эдомцаў, ён прынёс багоў сыноў Сэіру, і паставіў іх у сябе як багоў, і перад імі пакланіўся, і для іх кадзіў.
15 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Амазію, і Ён паслаў да яго прарока, і той сказаў яму: «Дзеля чаго ты шукаеш багоў народу, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?»
16 І сталася, калі ён прамаўляў, [валадар] сказаў: «Ці я паставіў цябе дарадцам валадара? Перастань, навошта я маю забіць цябе?» І перастаў прарок, і сказаў: «Я ведаю, што Бог пастанавіў загубіць цябе, бо ты зрабіў гэта і не паслухаў рады маёй».
17 І радзіўся Амазія, валадар Юды, і паслаў да Ёаша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Выходзь, паглядзім абліччы [адзін аднаго]».
18 І паслаў Ёаш, валадар Ізраілю, да Амазіі, валадара Юды, кажучы: «Цёрн, які на Лібане, паслаў да кедра, які на Лібане, кажучы: “Аддай дачку тваю за жонку сыну майму”. Але праходзіў зьвер палявы, які на Лібане, і патаптаў цёрн гэты.
19 Ты сказаў: “Вось, я пабіў Эдом”, і ўзьнялося сэрца тваё, каб ганарыцца. Цяпер сядзі ў доме тваім. Навошта табе выклікаць ліха, бо ўпадзеш ты, і Юда з табою».
20 І не паслухаў Амазія, бо ад Бога [было] гэта, каб аддаць іх у рукі [Ёаша] за тое, што яны шукалі багоў Эдому.
21 І выйшаў Ёаш, валадар Ізраіля, і яны ўбачылі абліччы [адзін аднаго], ён і Амазія, валадар Юды, у Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе.
22 І быў пабіты Юда перад абліччам Ізраіля, і ўцяклі кожны ў намёт свой.
23 І Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Егаахаза, схапіў Ёаш, валадар Ізраіля, у Бэт-Шэмэшы, і прывёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіму аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў.
24 І ўзяў ён усё золата і срэбра, і ўсе начыньні, якія былі ў Доме Божым у Абэд-Эдома, і скарбы дому валадара, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
25 І жыў Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, пасьля сьмерці Ёаша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, пятнаццаць гадоў.
26 А іншыя справы Амазіі, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраіля.
27 І пасьля таго часу, калі Амазія адыйшоў ад ГОСПАДА, зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і забілі яго там.
28 І прывезьлі яго коньмі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юды.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.