Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 29 глава
1 Эзэкія пачаў валадарыць, [маючы] дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Абія, дачка Захарыі.
2 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Давід, бацька ягоны.
3 Ён у першы год валадараньня свайго, у першы месяц адчыніў дзьверы Дому ГОСПАДА і ўмацаваў іх;
4 і прывёў сьвятароў і лявітаў, і сабраў іх на ўсходняй плошчы,
5 і сказаў ім: «Паслухайце мяне, лявіты! Цяпер асьвяціцеся [самі] і асьвяціце Дом ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.
6 Бо бацькі нашыя былі няверныя, і рабілі ліха ў вачах ГОСПАДА, Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвярнулі абліччы свае ад Сялібы ГОСПАДА, і павярнуліся каркам;
7 таксама замкнулі дзьверы прысенка, і згасілі лямпы, і не кадзілі каджэньняў, і не складалі цэласпаленьняў у сьвятыні для Бога Ізраіля.
8 І быў гнеў ГОСПАДА на Юдзе і Ерусаліме, і ён аддаў іх на ганьбаваньне, на спусташэньне і на насьмешку, як вы бачыце вачыма вашымі.
9 І вось, пападалі бацькі нашыя ад мяча, а сыны нашыя, і дочкі нашыя, і жонкі нашыя ў палоне за гэта.
10 Цяпер у сэрцы маім — заключыць запавет з ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля, і Ён адверне ад нас полымя гневу Свайго.
11 Сыны мае! Цяпер ня будзьце нядбайныя, бо вас выбраў ГОСПАД стаяць перад абліччам Ягоным, і быць Яму служыцелямі, і кадзіць Яму».
12 І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Кегата; і з сыноў Мэрары: Кіш, сын Абадыі, і Азарыя, сын Егальлелеля; і з сыноў Гершона: Ёах, сын Зіммы, і Эдэн, сын Ёаха,
13 і з сыноў Эліцафана: Шымты і Еіэль; і з сыноў Асафа: Захарыя і Маттанія;
14 і з сыноў Гэмана: Ехіэль і Шымэй; і з сыноў Едутуна: Шэмая і Узіэль.
15 І яны сабралі братоў сваіх, і асьвяціліся, і прыйшлі на загад валадара паводле слова ГОСПАДА, каб ачысьціць Дом ГОСПАДА.
16 І ўвайшлі сьвятары ў сярэдзіну Дому ГОСПАДА, каб ачысьціць [яго], і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў сьвятыні ГОСПАДА, на панадворак Дому ГОСПАДА; а лявіты ўзялі [гэта], каб вынесьці навонкі да ручая Кедрон.
17 І яны пачалі асьвячэньне ў першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень месяца ўвайшлі ў прысенак ГОСПАДА; і асьвячалі Дом ГОСПАДА восем дзён, і ў шаснаццаты дзень першага месяца скончылі.
18 І ўвайшлі яны ў сярэдзіну [дому] да валадара Эзэкіі, і сказалі: «Мы ачысьцілі Дом ГОСПАДА, і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсё начыньне ягонае, і стол [хлябоў] пакладных, і ўсё начыньне ягонае;
19 і ўсе начыньні, якія закінуў валадар Ахаз [у час] валадараньня свайго ў нявернасьці сваёй, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось, яны перад ахвярнікам ГОСПАДА».
20 І ўстаў рана валадар Эзэкія, і сабраў князёў гораду, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА.
21 І прывялі сем бычкоў, і сем бараноў, і сем ягнятаў, і сем казлоў у ахвяру за грэх за валадарства і за Сьвятыню і за Юду; і ён сказаў сынам Аарона сьвятара скласьці цэласпаленьне на ахвярніку ГОСПАДА.
22 І зарэзалі валоў, і ўзялі сьвятары кроў, і пакрапілі ахвярнік; і зарэзалі бараноў, і пакрапілі крывёй ахвярнік; і зарэзалі ягнятаў, і пакрапілі крывёй ахвярнік.
23 І прывялі казлоў у ахвяру за грэх перад аблічча валадара і царквы, і яны ўсклалі рукі свае на іх.
24 І зарэзалі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік на перамольваньне за грахі ўсяго Ізраіля; бо за ўвесь Ізраіль сказаў валадар [учыніць] цэласпаленьне і ахвяру за грэх.
25 І паставіў ён лявітаў у Доме ГОСПАДА з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі паводле загаду Давіда і Гада, відушчага валадара, і Натана прарока, бо з рукі ГОСПАДА загад гэты [быў паведамлены] праз рукі прарокаў Ягоных.
26 І сталі лявіты з музычнымі інструмэнтамі Давіда, і сьвятары — з трубамі.
27 І сказаў Эзэкія скласьці цэласпаленьні на ахвярніку. І ў час, калі пачалося цэласпаленьне, пачаўся сьпеў ГОСПАДУ і [гук] трубаў і музычных інструмэнтаў Давіда, валадара Ізраіля.
28 І ўся царква пакланялася, і сьпевакі сьпявалі, і ў трубы, трубячы, трубілі, пакуль ня скончылася цэласпаленьне.
29 І калі скончылі цэласпаленьне, укленчылі валадар і ўсе, што былі з ім, і пакланіліся.
30 І сказаў валадар Эзэкія і князі лявітам, каб яны хвалілі ГОСПАДА словамі Давіда і Асафа відушчага, і яны хвалілі з радасьцю, і кленчылі, і пакланяліся.
31 І адказаў Эзэкія, і сказаў: «Цяпер вы напоўнілі рукі вашыя для ГОСПАДА. Падыйдзіце і прынясіце ахвяры і [дары] падзякі ў Дом ГОСПАДА». І ахвяроўвала царква ахвяры і [дары] падзякі, і ўсе, якія былі ахвотныя сэрцам, [прынесьлі] цэласпаленьні.
32 І быў лік цэласпаленьняў, якія прынесла царква: семдзясят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнятаў; усё гэта — на цэласпаленьне для ГОСПАДА.
33 І для пасьвячэньня [прынесьлі] шэсьцьсот валоў і тры тысячы авечак.
34 Толькі сьвятароў было мала, і яны не маглі абдзіраць скуру з усіх ахвяраў і цэласпаленьняў; і дапамагалі ім браты іхнія, лявіты, пакуль праца не была скончана і пакуль іншыя сьвятары не асьвяціліся; бо лявіты былі больш правыя сэрцам, каб асьвяціцца, чым сьвятары.
35 І таксама цэласпаленьняў было шмат з тлушчам ахвяраў мірных, і з ахвярамі вадкімі для цэласпаленьня. Гэтак адноўлена было служэньне Дому ГОСПАДА.
36 І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ з таго, што Бог падрыхтаваў народ, бо неспадзявана сталася рэч гэтая.
2 Паралипоменон 29 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча