Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 36 глава

1 І ўзяў народ зямлі Егаахаза, сына Ёсіі, і паставілі яго за валадара ў Ерусаліме пасьля бацькі ягонага.
2 Дваццаць тры гады было Егаахазу, калі ён пачаў валадарыць, і тры месяцы ён валадарыў у Ерусаліме.
3 І скінуў [з пасаду] яго ў Ерусаліме валадар Эгіпту, і налажыў на зямлю кару ў сто талентаў срэбра і талент золата.
4 І валадар Эгіпту паставіў за валадара над Юдам і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім, а Егаахаза, брата ягонага, узяў Нэхо і завёў яго ў Эгіпет.
5 Дваццаць пяць гадоў было Егаякіму, калі ён пачаў валадарыць, і адзінаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго.
6 Супраць яго прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, і закаваў яго ў кайданы мядзяныя, каб завесьці яго ў Бабілон.
7 І начыньні Дому ГОСПАДА завёз Навухаданосар у Бабілон, і палажыў іх у палацы сваім у Бабілоне.
8 А іншыя дзеяньні Егаякіма і брыдоты ягоныя, якія ён рабіў, і якія знойдзены ў яго, вось, яны запісаны ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды. І пачаў валадарыць Егаяхін, сын ягоны, пасьля яго.
9 Восемь гадоў было Егаяхіну, калі ён пачаў валадарыць, і тры месяцы і дзесяць дзён ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА.
10 І на наступны год паслаў валадар Навухаданосар, і прывёў яго ў Бабілон разам з каштоўным начыньнем Дому ГОСПАДА, і паставіў за валадара над Юдам і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.
11 Дваццаць адзін год быў Сэдэкіі, калі ён пачаў валадарыць, і адзінаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме.
12 І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад абліччам Ярэміі прарока, [які гаварыў] з вуснаў ГОСПАДА.
13 І таксама ён збунтаваўся супраць валадара Навухаданосар, які ўзяў з яго прысягу перад Богам, і зрабіў цьвёрдым карак свой, і закамяніў сэрца сваё, каб не навярнуцца да ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
14 Таксама ўсе начальнікі, сьвятары і народ памнажалі нявернасьць сваю паводле ўсіх брыдотаў народаў, і ганьбілі Дом ГОСПАДА, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.
15 І пасылаў ГОСПАД, Бог бацькоў іхніх, да іх пасланцоў Сваіх, рана ўстаючы і пасылаючы, бо меў Ён спагаду да народу Свайго і да Сялібы Сваёй.
16 Але яны сьмяяліся з пасланцоў Божых, і грэбавалі словам Ягоным, і зьдзекваліся з прарокаў Ягоных, аж узьняўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, ажно не было лекаваньня.
17 І Ён прывёў на іх валадара Халдэйскага, і той пазабіваў мячом юнакоў іхніх у Доме Сьвятыні іхняй, і не пашкадаваў ані юнака, ані дзяўчыны, ані старога, ані сівога, усё аддаў у рукі ягоныя.
18 І ўсе начыньні Дому Божага, вялікія і малыя, і скарбы Дому ГОСПАДА, і скарбы валадара і князёў ягоных, усё завёз ён у Бабілон.
19 І спалілі Дом Божы, і зруйнавалі муры Ерусаліму, і ўсе палацы ягоныя спалілі агнём, і ўсе каштоўныя рэчы ягоныя зьнішчылі.
20 І перасяліў ён тых, якія засталіся ад мяча, у Бабілон, і былі яны слугамі ягонымі і сыноў ягоных аж да пачатку валадараньня валадарства Пэрсаў,
21 каб споўнілася слова ГОСПАДА праз вусны Ярэміі: «Аж пакуль зямля не задаволіцца за суботы свае, усе дні спусташэньня ейнага будзе яна супачываць да сканчэньня сямідзесяці гадоў».
22 А ў першы год Кіра, валадара Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА праз вусны Ярэміі, узрушыў ГОСПАД дух Кіра, валадара Пэрсаў, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, і таксама пісьмова, кажучы:
23 «Гэта кажа Кір, валадар Пэрсаў. Усе валадарствы зямлі даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Яму Дом у Ерусаліме, які ў Юдэі. Хто ёсьць з вас з народу Ягонага, [няхай будзе] ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і няхай ён узыйдзе [ў Ерусалім]».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.