Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

2 Паралипоменон 36 глава

1 І ўзяў народ зямлі Ёахаза, сына Ёсіінага, і паставілі царом яго, замест бацькі ягонага, у Ерусаліме.
2 Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме.
3 І скінуў яго цар Егіпецкі, і наклаў на зямлю яго даніны сто талантаў срэбра і талант золата.
4 І паставіў цар Егіпецкі над Юдэяй і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і перамяніў імя ягонае на Ёакіма, а Ёахаза, брата ягонага, узяў Нэхаа і завёў яго ў Егіпет.
5 Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Госпада Бога свайго.
6 Супроць яго выйшаў Навухаданосар, цар Вавілонскі, і закаваў яго ў кайданы, каб завесьці ў Вавілон.
7 І частку посуду дома Гасподняга перанёс Навухаданосар у Вавілон і паклаў яго ў капішчы сваім у Вавілоне.
8 Іншыя дзеі Ёакіма і мярзоты ягоныя, якія ён рабіў і якія знойдзены ў ім, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх. І зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.
9 Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы і дзесяць дзён валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх.
10 Праз год паслаў цар Навухаданосар і загадаў узяць яго ў Вавілон разам з каштоўным посудам дома Гасподняга, і паставіў царом над Юдэяю і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.
11 Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме,
12 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Госпада Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад Ераміем прарокам, які прарочыў з вуснаў Гасподніх,
13 і адкалоўся ад цара Навухаданосара, які ўзяў зь яго клятву імем Бога, — і зрабіў упарцістаю шыю сваю і зжарсьцьвіў сэрца сваё да таго, што не зьвярнуўся да Госпада Бога Ізраілевага.
14 Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты язычнікаў, і спаганілі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.
15 І пасылаў да іх Гасподзь Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча.
16 Але яны зьдзекаваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку.
17 І Ён навёў на іх цара Халдэйскага, — і той пазабіваў юнакоў іхніх мечам у доме сьвятыні іхняй і не пашкадаваў ні юнака, ні дзяўчыны, ні старога, ні сівога: усё аддаў Бог у руку ягоную.
18 І ўвесь посуд дома Божага, вялікі і малы, і скарбы дома Гасподняга, і скарбы цара і князёў ягоных, усё прынёс ён у Вавілон.
19 І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліма, і ўсе харомы яго спалілі агнём, і ўсе каштоўнасьці яго зьнішчылі.
20 І перасяліў ён тых, што засталіся, ў Вавілон, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных, да цараваньня цара Персідскага,
21 пакуль, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, зямля не адсьвяткавала суботаў сваіх. Ва ўсе дні запусьценьня яна суботнічала, пакуль ня споўнілася семдзесят гадоў.
22 А на першым годзе Кіра, цара Персідскага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць:
23 так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас — з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.