Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 5 глава
1 І скончана была ўся праца, якую рабіў Салямон для Дому Божага. І прынёс Салямон сьвятыя [рэчы] Давіда, бацькі свайго, і срэбра, і золата, і ўсе начыньні палажыў у скарбніцу Дому Божага.
2 Тады паклікаў Салямон старшыняў Ізраіля і ўсіх галоваў плямёнаў, князёў [дамоў] бацькоў сыноў Ізраіля, у Ерусалім, каб перанесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гораду Давіда, значыць з Сыёну.
3 І сабраліся да валадара ўсе людзі Ізраіля на сьвята, якое ў сёмы месяц.
4 І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля; і ўзялі лявіты Каўчэг,
5 і перанесьлі Каўчэг, і Намёт Спатканьня, і ўсе рэчы сьвятыя, якія ў Намёце, і панесьлі іх сьвятары і лявіты.
6 І валадар Салямон і ўся грамада Ізраіля, якая сабралася пры ім перад Каўчэгам, ахвяроўвалі авечак і валоў, якіх нельга было палічыць і запісаць з прычыны мноства.
7 І прынесьлі сьвятары Каўчэг Запавету ГОСПАДА на месца ягонае, у Давір Дому, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
8 І былі херувімы з раскінутымі крыламі над месцам Каўчэгу, і херувімы ахіналі Каўчэг і насілы ягоныя.
9 І тыя насілы былі доўгія, і канцы насілаў Каўчэгу былі відаць перад Давірам, але не было іх відаць звонку; і яны там да сёньняшняга дня.
10 Нічога не было ў Каўчэгу, толькі дзьве табліцы, якія Майсей палажыў на Харэве, калі ГОСПАД заключыў запавет з сынамі Ізраіля, калі яны выйшлі з Эгіпту.
11 І сталася, калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе сьвятары, якія былі там, асьвяціліся, і не было патрэбы захоўваць чэргі.
12 А лявіты сьпевакі, усе яны, Асаф, Гэман, Едутун, і сыны іхнія, і браты іхнія, апранутыя ў вісон, з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі стаялі на ўсход ад ахвярніка, і з імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі ў трубы.
13 І былі як адзін тыя, што трубілі, і тыя, што сьпявалі, даючы адзін голас на хвалу і праслаўленьне ГОСПАДА; і калі ўзьнёсься гук трубаў і цымбалаў, і музычных інструмэнтаў, і хвалілі ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная, тады Дом, Дом ГОСПАДА напоўніўся хмараю,
14 і не маглі сьвятары стаяць і служыць перада хмараю, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом Божы.
2 Паралипоменон 5 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча