Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Исход 32 глава
1 І бачыў народ, што Майсей затрымліваецца, каб зыйсьці з гары, і сабраўся народ перад Ааронам, і сказалі яму: «Устань, зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, гэтым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім».
2 І сказаў ім Аарон: «Зьніміце завушніцы залатыя, якія ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дочак вашых, і прынясіце да мяне».
3 І зьняў увесь народ завушніцы залатыя, якія ў вушах іхніх, і прынесьлі да Аарона.
4 І ён узяў [гэта] з рук іхніх, і ўфармаваў яго разцом, і зрабіў з яго цяля літое. І сказалі яны: «Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».
5 І ўбачыў Аарон, і збудаваў перад ім ахвярнік, і ўсклікнуў Аарон, і сказаў: «Сьвята для ГОСПАДА заўтра».
6 І яны ўсталі рана назаўтра, і ахвяроўвалі цэласпаленьні, і прынесьлі ахвяры мірныя; і сеў народ есьці і піць, і ўсталі гуляць.
7 І прамовіў ГОСПАД да Майсея: «Ідзі, зыйдзі, бо сапсаваўся народ твой, які ты вывеў з зямлі Эгіпецкай.
8 Хутка зьвярнулі яны са шляху, які Я загадаў ім, зрабілі сабе цяля літое, і пакланіліся яму, і ахвяроўвалі яму, і сказалі: “Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай”».
9 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Я бачыў народ гэты, і вось, ён — народ з цьвёрдым каркам.
10 І цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і Я выгублю іх, і зраблю з цябе народ вялікі».
11 І маліў Майсей аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, палае гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў з зямлі Эгіпецкай сілаю вялікай і рукою моцнай?
12 Навошта маюць казаць Эгіпцяне, кажучы: “На ліха вывеў іх, каб забіць іх у гарах і вынішчыць іх з аблічча зямлі”. Адвярніся ад ярасьці гневу Твайго і пашкадуй [рабіць] ліха народу Твайму.
13 Узгадай Абрагама, Ісаака і Ізраіля, слугаў Тваіх, якім Ты прысягаў на Сябе Самога, і прамовіў да іх: “Памножу насеньне вашае, як зоркі ў небе, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам насенню вашаму, і яны ўспадкаемяць яе на вякі”».
14 І пашкадаваў ГОСПАД рабіць ліха, пра якое Ён казаў, што ўчыніць яго народу Свайму.
15 І павярнуўся, і зыйшоў Майсей з гары; і дзьве табліцы Сьведчаньня [былі] ў руцэ ягонай, табліцы, на якіх было напісана з абодвух бакоў, на адным і на другім баку было напісана на іх.
16 І табліцы былі творам Бога, і пісьмо было пісьмом Божым, высечаным на табліцах.
17 І пачуў Егошуа голас народу, які ўсклікаў, і сказаў Майсею: «Голас вайны ў табары».
18 І сказаў [Майсей]: «Гэта ані голас крыку перамогі, ані голас крыку паразы, але я чую голас пяяньня».
19 І сталася, калі ён наблізіўся да табару і ўбачыў цяля і танцы, узгарэўся гнеў Майсея, і ён кінуў з рук сваіх табліцы, і разьбіў іх пад гарою.
20 І ўзяў ён цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на попел, і рассыпаў на абліччы вады, і даў яго піць сынам Ізраіля.
21 І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?»
22 І сказаў Аарон: «Няхай не ўзгараецца гнеў пана майго; ты ведаеш народ гэты, што ён поўны ліха.
23 І яны сказалі мне: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”.
24 І я сказаў ім: “Хто мае золата, няхай здыме яго”. І яны далі мне, я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэта цяля».
25 І ўбачыў Майсей народ, што ён неакелзаны, бо Аарон раскелзаў яго на паганьбеньне перад ворагамі ягонымі.
26 І стаў Майсей у браме табару, і сказаў: «Хто за ГОСПАДА — да мяне!» І сабраліся да яго ўсе сыны Левія.
27 І ён сказаў ім: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Падперажыце кожны меч свой да сьцягна свайго, перайдзіце і зьвярніцеся ад брамы да брамы праз табар, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны бліжняга свайго”».
28 І зрабілі сыны Левія паводле слова Майсея, і палегла з народу ў той дзень каля трох тысячаў чалавек.
29 І сказаў Майсей: «Напоўніце рукі свае сёньня для ГОСПАДА, бо кожны быў супраць сына свайго і супраць брата свайго, каб Ён даў вам сёньня дабраслаўленьне».
30 І сталася назаўтра, і сказаў Майсей народу: «Вы саграшылі грахом вялікім, і цяпер я ўзыйду да ГОСПАДА, можа, змагу перамаліць Яго за грэх ваш».
31 І вярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Прашу, саграшыў народ гэты грэхам вялікім, і зрабілі сабе багоў залатых.
32 І цяпер, ці можаш дараваць ім грэх іхні? А калі не, вытры мяне, прашу, з кнігі Тваёй, якую Ты напісаў».
33 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Таго, хто саграшыў перада Мною, Я вытру з кнігі Маёй.
34 І цяпер ідзі, вядзі народ гэты, куды Я казаў табе. Вось, анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грэх іхні».
35 І ўдарыў ГОСПАД народ за тое, што зрабілі цяля, якога зрабіў Аарон.
Исход 32 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча