Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Исход 32 глава
1 А народ, бачачы, што Майсей марудзіць спускацца з гары, сабраўшыся ля Аарона, сказаў: «Устань, зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай».
2 І Аарон сказаў ім: «Здыміце залатыя завушніцы з вушэй жонак, сыноў і дачок вашых і прынясіце іх мне».
3 І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, несучы завушніцы да Аарона.
4 Калі ён іх атрымаў, ён стылом сфармаваў выяву і зрабіў з іх літое цяля. А яны сказалі: «Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай!»
5 Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнік перад ім і ўсклікнуў голасам вестуна, кажучы: «Заўтра — урачыстасць Госпада».
6 І, устаўшы на другі дзень зранку, прынеслі яны ахвяру цэласпалення і ахвяры прымірэння; і сеў народ есці і піць, і пачалі яны весяліцца.
7 Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі, спускайся; спракудзіўся народ твой, які вывеў ты з зямлі Егіпецкай.
8 Звярнулі хутка з дарогі, якую Я ім паказаў, і зрабілі сабе цяля літое і пакланіліся яму, прыносячы ахвяры, і сказалі: “Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай”».
9 Таксама сказаў Госпад Майсею: «Бачу, што народ гэты — цвёрдага карка;
10 пакінь Мяне, каб разгарэлася абурэнне Маё супраць іх і каб Я знішчыў іх, а з цябе Я зраблю вялікі народ».
11 А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, кажучы: «Чаму, Госпадзе, разгараецца абурэнне Тваё супраць народа Твайго, які вывеў Ты з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукою моцнаю?
12 Не гневайся, малю, каб не казалі егіпцяне: “Хітрасцю Ён вывеў іх, каб загубіць у гарах і знішчыць з зямлі”. Хай супакоіцца гнеў Твой і будзь літасцівы да пераваротнасці народа Твайго.
13 Памятай Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слуг Тваіх, якім пакляўся Ты Самім Сабою, кажучы: “Памножу семя вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, пра якую Я сказаў, дам семю вашаму; і завалодаеце ёю назаўсёды”».
14 І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць ліха, як сказаў, адносна народа Свайго.
15 І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзве каменныя табліцы запавету, спісаныя з абодвух бакоў і зробленыя
16 працай Божай; таксама пісьмёны Бога былі высечаны на табліцах.
17 А Ешуа, чуючы гоман народа, які крычаў, сказаў Майсею: «Чуецца ў лагеры крык бітвы».
18 Той адказаў: «Гэта не крык пераможцаў, ані крык тых, хто ўцякае, але крык тых, хто спявае, я чую».
19 І калі ён наблізіўся да лагера, ён убачыў цяля і карагоды; раззлаваўся надта, і выпусціў табліцы з рук, і разбіў іх ля падножжа гары.
20 І, схапіўшы цяля, што яны зрабілі, спаліў яго і сцёр аж на пыл, які ўсыпаў у ваду і даў яе піць сынам Ізраэля.
21 І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзвёў на яго найвялікшы грэх?»
22 Той яму адказаў: «Хай не гневаецца гаспадар мой; бо ведаеш ты народ гэты, што ён хуткі на ліха.
23 Сказалі яны мне: “Зрабі нам багоў, якія ішлі б перад намі, бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай”.
24 Сказаў я ім: “Хто з вас мае золата?” Яны прынеслі і далі мне яго, а я ўкінуў яго ў агонь; і атрымалася гэтае цяля».
25 Такім чынам, убачыў Майсей народ, што быў неакілзаны; бо Аарон адпусціў яму кілзы на смех ворагам яго.
26 І, стоячы ў браме лагера, ён закрычаў: «Хто Госпадаў — да мяне!» І далучыліся да яго ўсе сыны Леві.
27 Ён сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Хай кожны ўскладзе меч да сцягна свайго. Ідзіце і прайдзіце ад брамы аж да брамы праз сярэдзіну лагера, і хай забівае кожны брата, і сябра, і блізкага свайго”».
28 Сыны Леві зрабілі згодна з загадам Майсея; і ў той дзень палегла з народа каля трох тысяч чалавек.
29 І сказаў Майсей: «Напоўнілі вы сёння рукі вашыя для Госпада кожны ў сыне і браце сваім, каб даў вам Госпад дабраславенне».
30 І назаўтра прамовіў Майсей да народа: «Зграшылі вы найвялікшым грахом; я пайду да Госпада, можа, змагу як-небудзь перапрасіць Яго за вашае злачынства».
31 І, вярнуўшыся да Госпада, Майсей сказаў: «Прашу, народ гэты зграшыў найвялікшым грахом і зрабіў сабе багоў з золата;
32 або даруй ім гэтую віну, або, калі так не зробіш, выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, што Ты напісаў».
33 Госпад адказаў яму: «Толькі таго, хто зграшыў супраць Мяне, скасую Я з кнігі Маёй.
34 Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю і гэты грэх іх».
35 Такім чынам, пакараў Госпад народ за віну з-за цяляці, што зрабіў Аарон.
Исход 32 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча