Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Иезекииль 38 глава
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць Гога з зямлі Магог, князя Рошу, Мэшэку і Тувалю, і прароч супраць яго,
3 і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю.
4 І Я завярну цябе, і ўкладу гакі ў сківіцы твае, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і вершнікаў, усіх выдатна ўзброеных, збор шматлікі, са шчытамі і тарчамі, усіх узброеных мячамі.
5 Пэрсы, Куш і Пут, усе яны са шчытом і шаломам,
6 Гомэр і ўсе дружыны ягоныя, дом Тагармы з канцоў поўначы і ўсе дружыны іхнія, і мноства народаў з табою.
7 Падрыхтуйся і будзь гатовы, ты і ўсе зборы твае, якія сабраліся кругом цябе, і ты будзеш з імі на варце.
8 Праз шмат дзён Я наведаю цябе, пры канцы гадоў ты прыйдзеш у зямлю, якая ацалела ад мяча, у якой сабраны [народ] спаміж шматлікіх народаў на гарах Ізраіля, што доўга былі руінаю. І ён будзе выведзены спасярод народаў, і яны ўсе будуць жыць у бясьпецы.
9 І ты ўвойдзеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю. Будзеш [там] ты і ўсе дружыны твае, і шмат народаў з табою.
10 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. І станецца ў той дзень, і ўвойдуць словы ў сэрца тваё, і ты задумаеш думку ліхую,
11 і скажаш: "Вырушу на зямлю неўмацаваную, пайду на [людзей] спакойных, якія жывуць у бясьпецы, усе яны ня маюць муроў, засавак і брамаў,
12 каб рабаваць рабаваньнем і браць здабычу, каб руку сваю зьвярнуць супраць руінаў, якія [зноў] абжытыя, і супраць народу, які сабраны спасярод народаў, які набывае статкі і маёмасьць, і жыве ў сярэдзіне зямлі".
13 Шэва і Дэдан, і купцы з Таршышу, і ўсе ільвяняты ягоныя скажуць табе: "Ці ты прыйшоў узяць здабычу? Ці ты сабраў зборышча тваё, каб рабаваць рабаваньнем, каб вынесьці срэбра і золата, каб узяць для сябе статкі і маёмасьць, каб узяць здабычу вялікую? "”
14 Дзеля гэтага прароч, сыне чалавечы, і скажы Гогу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ж у той дзень, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты не даведаешся пра гэта?
15 І ты прыйдзеш з месца свайго, з канца поўначы, ты і шмат народаў з табой, усе сядзяць на конях, зборышча вялікае і войска шматлікае.
16 І ты выйдзеш супраць народу Майго Ізраіля, як хмара, каб пакрыць зямлю. Пры канцы дзён станецца [гэта], і Я прывяду цябе ў зямлю Маю, каб даведаліся пра Мяне народы, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю на табе, Гог, на вачах іхніх”.
17 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ты — той, пра якога ў дні старадаўнія Я гаварыў праз рукі слугаў Маіх, прарокаў Ізраіля, якія ў тыя дні прадказвалі, што Я прывяду цябе да іх?
18 І станецца ў той дзень, у дзень, калі Гог прыйдзе ў зямлю Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД, рэўнасьць Мая ўвойдзе ў ноздры Мае.
19 І ў ярасьці Маёй, у полымі гневу Майго Я прамовіў: “Сапраўды, у той дзень станецца землятрус вялікі ў зямлі Ізраіля.
20 І задрыжаць перад абліччам Маім рыбы марскія і птушкі нябесныя, зьвяры палявыя і ўсё, што поўзае па зямлі, і ўсе людзі, якія на абліччы зямлі. І будуць зруйнаваныя горы, і заваляцца стромыя [скалы], і ўсе муры ўпадуць на зямлю.
21 І Я паклічу супраць яго меч на ўсіх гарах, кажа Госпад ГОСПАД, меч кожнага [зьвернецца] супраць брата.
22 І Я буду судзіць яго заразаю, крывёй і дажджом залеўным, і градам каменным. Агонь і серку спашлю на яго, і на дружыны ягоныя, і на народы шматлікія, якія з ім.
23 І Я ўзьвялічуся, і выяўлю сьвятасьць, і выяўлю Сябе перад вачыма народаў шматлікіх, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.
Иезекииль 38 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча