Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Иезекииль 38 глава

1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Гога ў зямлі Магог, князя Роша, Мэшэха і Тувала, і вымаві на яго прароцтва
3 і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!
4 І павярну цябе і ўкладу цуглі ў сківіцы твае і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і верхаўцоў, усіх пры поўнай зброі, вялікае полчышча, у брані і з шчытамі, усіх узброеных мечамі,
5 Персаў, Эфіопаў і Лівійцаў зь імі, усіх з шчытамі і ў шаломах,
6 Гамэра з усімі ягонымі атрадамі, дом Тагарма, ад паўночных межаў, з усімі ягонымі атрадамі, многія народы з табою.
7 Рыхтуйся і зьбірайся — ты і ўсе полчышчы твае, што пазьбіраліся да цябе, — і будзь ім за правадыра.
8 Праз многа дзён ты спатрэбішся; у апошнія гады ты прыйдзеш у зямлю, збаўленую ад меча, сабраную з многіх гарадоў, на горы Ізраілевыя, якія былі ў пастаянным запусьценьні, але цяпер жыхары яе будуць вернуты з народаў і ўсе яны будуць жыць у бясьпецы.
9 І падымешся як бура, пойдзеш як хмара, каб накрыць зямлю, — і ты і ўсе полчышчы твае і многія народы з табою.
10 Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень прыйдуць табе на сэрца думкі, і ты намысьліш ліхі ўчынак
11 і скажаш: падымуся я на зямлю неабгароджаную, пайду на бястурботных, якія жывуць у бясьпецы, — усе яны жывуць бязь сьцен, і няма ў іх ні замкоў, ні дзьвярэй,
12 каб учыніць рабунак і набраць здабычы, накласьці руку на зноў заселеныя руіны і на народ, сабраны з народаў, які вядзе гаспадарку і гандаль, які жыве на вяршыні зямлі.
13 Сава і Дэдан і купцы Тарсіскія з усімі іхнімі маладымі львамі скажуць табе: ты прыйшоў, каб учыніць рабунак, сабраў полчышча тваё, каб набраць здабычы, узяць срэбра і золата, адабраць быдла і маёмасьць, захапіць вялікую здабычу?
14 Таму вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы Гогу: так кажа Гасподзь Бог: ці ж не? таго дня, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты ўведаеш гэта;
15 і пойдзеш зь месца твайго ад паўночных межаў, — і ты і многія народы з табою, усе, хто сядзіць на конях, зборня вялікая і войска шматлікае.
16 І падымешся на народ Мой, на Ізраіля, як хмара, каб накрыць зямлю: гэта будзе ў апошнія дні, і Я прывяду цябе на зямлю Маю, каб народы ўведалі Мяне, калі Я над табою, Гог, яўлю сьвятасьць Маю перад іх вачамі.
17 Так кажа Гасподзь Бог: ці ня ты — той самы, пра якога Я гаварыў у старадаўнія дні праз рабоў Маіх, прарокаў Ізраілевых, якія прарочылі ў тыя часы, што Я прывяду цябе на іх?
18 І будзе ў той дзень, калі Гог прыйдзе на зямлю Ізраілевую, кажа Гасподзь Бог, гнеў Мой запалае ў лютасьці Маёй.
19 І ў рэўнасьці Маёй, у агні абурэньня Майго Я сказаў: сапраўды ў той дзень адбудзецца вялікае патрасеньне на зямлі Ізраілевай.
20 І затрымцяць ад аблічча Майго рыбы марскія і птушкі нябесныя, і зьвяры польныя і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі, якія на ўлоньні зямлі, і абваляцца горы і ўпадуць уцёсы, і ўсе сьцены ўпадуць на зямлю.
21 І па ўсіх горах Маіх заклічу меч супроць яго, кажа Гасподзь Бог; меч кожнага чалавека будзе супроць брата ягонага.
22 І буду судзіцца зь ім згубнаю пошасьцю і праліцьцём крыві, і вылью на яго і на ягоныя палкі і на многія народы, якія зь ім, усепатопны дождж і каменны град, агонь і серку;
23 І пакажу Маю веліч і сьвятасьць Маю і яўлю Сябе перад вачыма многіх гарадоў, — і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.