Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Даниил 8 глава

1 «У трэці год валадараньня Бэльшацара валадара відзеж зьявіўся мне, мне, Даніілу, пасьля таго, які зьявіўся мне спачатку.
2 І бачыў я ў відзежы, і сталася ў відзежы, што я ў Шушане сталіцы, якая ў краіне Элям, і я бачыў у відзежы, і я быў каля ракі Улай.
3 І я ўзьняў вочы мае, і ўбачыў, і вось, адзін баран стаіць перад ракою, і ў яго рогі, і рогі гэтыя высокія, і адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пазьней.
4 Я бачыў, што баран гэты бадае на захад, і на поўнач, і на поўдзень, і ніякі зьвер ня можа ўстаяць перад ім, і няма нікога, хто можа выратаваць з рукі ягонай. І ён рабіў, што падабалася яму, і ўзьвялічыўся.
5 І калі я разважаў [пра гэта], вось, казёл з козаў ішоў з захаду па абліччы ўсёй зямлі і не датыкаўся зямлі. І ў гэтага казла быў відзён рог паміж вачэй ягоных.
6 І ён прыйшоў да таго барана, які меў рогі, якога я бачыў, што ён стаіць перад ракою, і пабег на яго ў шале сілы сваёй.
7 І я бачыў, што ён наблізіўся да барана, і разьярыўся на яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі ягоныя; і не было сілы ў барана ўстаяць супраць яго. І ён паваліў яго на зямлю, і патаптаў яго; і не было нікога, хто б выратаваў барана з рукі ягонай.
8 А казёл з козаў узьвялічыўся вельмі. Але калі ён узмоцніўся, вялікі рог быў зламаны, і вырасьлі падобныя чатыры замест яго на чатыры вятры нябесныя.
9 А з аднаго з іх выйшаў малы рог, і вырас надзвычайна на поўдзень і на ўсход, і да прыгожай [зямлі].
10 І ён вырас аж да войска нябеснага, і скінуў на зямлю [некаторых] з таго войска і з зорак, і патаптаў іх.
11 І нават да Князя войска гэтага вырас, і ад Яго была аддалена заўсёдная ахвяра, і пакінута месца сьвятыні Ягонай.
12 І войска было аддадзена [яму] разам з ахвярай заўсёднай з прычыны правіны, і ён кінуў праўду на зямлю, і дзейнічаў, і меў посьпех.
13 І я пачуў аднаго сьвятога, які прамаўляў, і сказаў іншы сьвяты да таго, які прамаўляў: “Як доўга будзе [паказанае ў] відзежы пра заўсёдную ахвяру і правіну спусташэньня, [як доўга] сьвятыня і войска будуць аддадзены на патаптаньне?”
14 І ён сказаў мне: “Ажно да дзьвюх тысячаў трыста вечароў і раніцаў; і будзе ачышчаная сьвятыня”.
15 І сталася, калі я, Данііл, бачыў гэты відзеж і шукаў, каб зразумець [яго], вось, стаў перада мною [нехта], падобны да мужа.
16 І я пачуў голас чалавечы пасярод Улаю, які ўсклікнуў і сказаў: “Габрыэлю! Дай зразумець яму відзеж!”
17 І ён падыйшоў да месца майго, і калі ён прыйшоў, я спалохаўся і ўпаў на аблічча маё; і ён сказаў мне: “Зразумей, сыне чалавечы, што пра час канца відзеж гэты”.
18 А калі ён прамаўляў да мяне, я быў у глыбокім сьне, [лежачы] абліччам маім на зямлі; і ён дакрануўся да мяне, і паставіў мяне на месцы маім,
19 і сказаў: “Вось, я паведамляю табе, што будзе пры канцы абурэньня гэтага, бо ў [вызначаным] часе [прыйдзе] канец.
20 Баран, якога ты бачыў, які мае рогі — гэта валадар Мідзянаў і Пэрсаў.
21 А казёл касматы — гэта валадар Явану; а рог вялікі, які паміж вачэй ягоных — гэта першы валадар [Грэцыі].
22 А што ён зламіўся і замест яго паўсталі чатыры — гэта чатыры валадарствы, якія паўстануць з [таго] народу, але бяз сілы ягонай.
23 А ў канцы валадарства іхняга, калі адступнікі скончаць [меру сваю], паўстане валадар з нахабным абліччам і здольны ў падступнасьці.
24 І ўзмоцніцца сіла ягоная, але ня [ўласнаю] сілаю сваёй, і нечувана ён будзе нішчыць, і будзе мець посьпех, і дзейнічаць, і зьнішчыць магутных і народ сьвятых.
25 І дзякуючы розуму ягонаму, будзе мець посьпех падман у руцэ ягонай, і ён узьвялічыцца ў сэрцы сваім, і ў [часе] супакою зьнішчыць мноства. І ён паўстане супраць Князя князёў, але не рукою [чалавечаю] будзе зломлены.
26 А відзеж пра вечар і раніцу, пра які сказана, — гэта праўда; але ты схавай гэты відзеж, бо [споўніцца] ён праз шмат дзён”.
27 І я, Данііл, самлеў, і быў хворы [некалькі] дзён. І я ўстаў, і рабіў справы валадара; і я быў уражаны відзежам, але ніхто гэтага не разумеў».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.