Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Даниил 8 глава
1 На трэці год цараваньня цара Валтасара явілася мне, Даніілу, уява пасьля той, якая явілася мне раней.
2 І бачыў я ва ўяве, — і калі бачыў, я быў у Сузах, прастольным горадзе ў акрузе Эламскай, — і бачыў я ва ўяве, як бы я быў каля ракі Улай.
3 Узьвёў я вочы мае і ўбачыў: вось, адзін баран стаіць каля ракі; у яго два рогі, і рогі высокія, але адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пасьля.
4 Бачыў я, як гэты баран бароў на захад і на поўнач і на поўдзень, і ніякі зьвер ня мог устояць супроць яго, і ніхто ня мог уратавацца ад яго; і ён рабіў, што хацеў і стаў велічны.
5 Я ўважліва глядзеў на гэта, і вось, з захаду ішоў казёл па ўлоньні зямлі, не дакранаючыся да зямлі; у гэтага казла быў відаць рог паміж яго вачамі.
6 Ён пайшоў да таго барана, які меў рогі, якога бачыў я, як ён стаяў каля ракі, і кінуўся на яго ў моцнай лютасьці сваёй.
7 І бачыў я, як ён, дабегшы да барана, раз’ятрыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў яму рогі; і ня стала сілы ў барана ўстояць супроць яго, і той паваліў яго на зямлю і патаптаў яго, і ня было нікога, хто мог бы адратаваць барана ад яго.
8 Тады казёл над меру ўзьвялічыўся; але калі ён узмацніўся, дык зламаўся вялікі рог, і замест яго вырасьлі чатыры, павернутыя на чатыры вятры нябесныя.
9 А з аднаго выйшаў малы рог, які нязвычайна вырас на поўдзень і на ўсход і да цудоўнай краіны,
10 і падняўся да войска нябеснага, і скінуў на зямлю частку гэтага войска і зорак і патаптаў іх,
11 і нават падняўся на Правадыра таго войска, і адабрана была ў Яго штодзённая ахвяра, і паганьбавана было месца сьвятыні Ягонай,
12 і войска аддадзена разам з штодзённаю ахвяраю за грэх, і ён, скідаючы ісьціну на зямлю, дзеяў і меў посьпех.
13 І пачуў Я аднаго сьвятога, які гаварыў, і сказаў гэты сьвяты камусьці на пытаньне: «да якога часу сягае гэтая ўява пра штодзённую ахвяру і пра зьнішчальны грэх, калі сьвятыня і войска аддадзены на патаптаньне?»
14 І сказаў мне: «да двух тысяч трохсот вечароў і раніц; і тады сьвятыня ачысьціцца».
15 І было: калі я, Данііл, убачыў гэтую ўяву і шукаў сутнасьці яе, вось, стаў перад мною як бы воблік Мужа.
16 І пачуў я ад сярэдзіны Улая голас чалавечы, які заклікаў і сказаў: «Гаўрыіле! растлумач яму гэтую ўяву!»
17 І ён падышоў туды, дзе я стаяў, і калі ён прыйшоў, я жахнуўся і ўпаў на аблічча маё; і сказаў ён мне: «ведай, сыне чалавечы, што пра часіну канца гэтая ўява!»
18 І калі ён гаварыў са мною, я самлеў і ляжаў сваім тварам на зямлі; але ён дакрануўся да мяне і паставіў мяне на маё месца
19 і сказаў: «вось, я адкрываю табе, што будзе ў апошнія дні гневу; бо пра часіну канца вызначанага часу гэтая ўява.
20 Баран, якога ты бачыў з двума рагамі, гэта цары Мідыйскі і Персідскі.
21 А казёл кашлаты — цар Грэцыі, а вялікі рог, які паміж вачэй у яго, гэта — яе першы цар;
22 ён зламаўся, і замест яго вырасьлі іншыя чатыры: гэта — чатыры царствы паўстануць з гэтага народу, але не зь яго сілаю.
23 А пад канец царства іх, калі адступнікі напоўняць меру беззаконьняў сваіх, паўстане цар нахабны і спрытны ў падступнасьці;
24 і ўмацуецца сіла ягоная, хоць і не яго сілаю, і ён будзе чыніць дзівосныя спусташэньні і мець посьпех і дзеяць і губіць моцных і народ сьвятых,
25 і, пры яго розуме, падступнасьць будзе мець посьпех у руцэ ў яго, і сэрцам сваім ён узьнясецца і ў час міру загубіць многіх і супраць Уладара ўладароў паўстане, але будзе зламаны — ня рукою.
26 А ўява пра вечар і раніцу, пра якую сказана, сапраўдная; але ты схавай гэтую ўяву, бо яна пра далёкія часіны».
27 А я, Данііл, зьнямогся, і нядужыў некалькі дзён; потым устаў і пачаў займацца царскімі справамі; я вельмі зьдзіўлены быў уяваю гэтаю і не разумеў яе.
Даниил 8 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча