Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Аввакум 2 глава
1 На варце маёй я стану, і ўзыйду на вежу, і буду выглядаць, каб убачыць, што Ён прамовіць да мяне і што Ён адкажа на скаргу маю.
2 І адказаў мне ГОСПАД, і сказаў: «Запішы відзеж і патлумач на табліцах, каб чытач лёгка мог [зразумець] гэта.
3 Бо відзеж [датычыць] вызначанага часу, і датычыць канца, і не падмане; хоць ён марудзіць, чакай на яго, бо ён, прыходзячы, прыйдзе, ня спозьніцца.
4 Вось, у ганарыстага няшчырая душа ягоная ў ім, а праведны з веры сваёй жыць будзе.
5 І, як віно здрадлівае, чалавек пыхлівы, і ён ня мае супакою, ён разьзяўляе, як апраметную, душу сваю, і ён, як сьмерць, не насыціцца, але зьбірае да сябе ўсе народы і зграмаджвае да сябе ўсе плямёны».
6 Ці ж усе яны не складуць прыповесьць пра яго і кплівую загадку пра яго, і скажуць: “Гора таму, хто памнажае [багацьце], якое не ягонае. Як доўга [гэта будзе]? [Гора] таму, хто абцяжарвае сябе ўзятым у заклад!”
7 Хіба не паўстануць зьнянацку тыя, якія ўкусяць цябе, і хіба не прачнуцца тыя, якія будуць трэсьці цябе, і ты станешся здабычай для іх?
8 За тое, што ты рабаваў шмат народаў, абрабуюць цябе ўсе пазасталыя плямёны за кроў людзкую і за гвалт над зямлёю, над горадам і над усімі, хто жыве ў ім.
9 Гора таму, хто здабывае прыбытак бязбожны для дому свайго, каб зьвіць на вышыні гняздо сваё, каб захаваць сябе ад рукі ліхога.
10 Ты ўчыніў ганьбу для дому свайго, бо выразаў шмат народаў, і саграшыў супраць душы сваёй,
11 бо камень з муру закрычыць, і бэлька драўляная адкажа яму.
12 Гора таму, хто будуе горад на крыві і засноўвае горад умацаваны на беззаконьні.
13 Ці ж гэта не ад ГОСПАДА Магуцьцяў, што плямёны цяжка працуюць для агню, і людзі стамляюцца марна?
14 Бо зямля напоўніцца веданьнем славы ГОСПАДА, як воды напаўняюць мора.
15 Гора таму, хто дае піць бліжняму свайму, наліваючы ў келіх, каб той упіўся, каб глядзець на голасьць ягоную.
16 Ты напоўніўся ганьбаю замест славы; напіся таксама ты і пакажы неабрэзанасьць тваю. Зьвернецца да цябе келіх правіцы ГОСПАДА, і ганьба — на славу тваю,
17 бо гвалт [твой над] Лібанам прыйдзе на цябе, і зьнішчэньне жывёлы спалохае цябе за кроў людзкую і за гвалт над зямлёю, над горадам і над усімі, хто жыве ў ім.
18 Якая карысьць ад выявы, якую выразаў майстар, ад [ідала] літага, вучыцеля хлусьні, бо спадзяецца стваральнік ягоны на працу сваю, робячы ідала нямога.
19 Гора таму, хто кажа дрэву: “Абудзіся”, [хто кажа] камяню, які маўчыць: “Устань!” Ці ён можа навучыць? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам, але ніякага духу няма ў ім.
20 ГОСПАД — у сьвятыні сьвятасьці Сваёй. Няхай маўчыць перад Ім уся зямля!
Аввакум 2 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча