Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Аввакум 2 глава
1 На варце маёй стаяць буду і стану на вежы вартавой, і буду ўглядацца, каб убачыць, што скажа Ён мне і які дасць адказ на скаргу маю.
2 І адказаў мне Госпад гэтымі словамі: «Запішы бачанне і змясці яго на табліцах, каб той, хто чытае, мог яго зразумець.
3 Бо гэтае бачанне на вызначаны час, але здзейсніцца яно ў канцы, не падмане; хоць і замарудзіць, але чакай яго, бо яно споўніцца абавязкова.
4 Вось, кволы, у кім душа нячыстая; а справядлівы з веры сваёй жыць будзе.
5 І вось, багацці зводзяць чалавека пыхлівага, і не дойдзе ён да канца; ён разяўляе горла сваё, як апраметную, ды, як смерць, ніколі ён не заспакоены: і сцягвае ён да сябе ўсе народы, і ўсіх людзей збірае да сябе.
6 Ці ж не ўсе яны зробяць з яго прыпавесць і прыказкі, кажучы: “Гора таму, хто чужую маёмасць забірае. Ці доўга гэта будзе? Гора таму, хто абцяжарвае сябе закладамі!”
7 Ці ж раптам не паўстануць тыя, якія будуць мардаваць цябе, і ці не абудзяцца твае крыўдзіцелі, і ці ты не станеш іх здабычаю?
8 Бо ты абрабаваў многія народы, абрабуюць і цябе ўсе, хто застаўся з народаў; дзеля крыві людской і прыгнёту краіны, гарадоў і ўсіх іх жыхароў.
9 Гора таму, хто збірае набытак несправядлівы на ліха дому свайму, каб зрабіць сабе гняздо на вышыні і засцерагчы сябе ад рукі няшчасця!
10 Ты прыняў рашэнне на ганьбу дому свайму, каб забіць многія народы, і зграшыў супраць душы сваёй.
11 Бо камень са сцяны будзе крычаць, і перакладзіны з пабудовы паўтараць за ім будуць.
12 Гора таму, хто горад будуе на крыві і горад засноўвае ў злачыннасці.
13 Ці ж гэта не ад Госпада Магуццяў тое, што людзі працуюць для агню ды народы мучаюцца дарэмна?
14 Бо зямля перапоўніцца пазнаннем славы Госпада, як воды перапаўняюць мора.
15 Гора таму, хто змушае сябра свайго да піцця, даючы атруту сваю і ап’яняючы яго, каб бачыць сорам яго!
16 Ты перапаўняешся ганьбаю дзеля славы; дык напіся сам і пакажы сорам свой! Дасягне і цябе чара правіцы Госпадавай, і ганьба пакрые славу тваю.
17 Бо спадзе на цябе крыўда Лібана, і рэзанне жывёлы напоўніць цябе страхам дзеля крыві людской і прыгнёту зямлі, гарадоў і ўсіх жыхароў іх.
18 Чым дапаможа балван, якога выразаў разбяр, адлітая выява і лжывы прадказальнік? Бо надзею ўскладае на твор свой стваральнік яго, калі робіць нямых багоў.
19 Гора таму, хто кажа дрэву: “Прабудзіся!”, і “Падыміся!” — нямому каменю! Ці ж ён зможа навучыць? Вось, ён пакрыты золатам і срэбрам, і няма ў нутры яго ніякага духа».
20 Госпад жа ў Сваёй святыні святой; хай маўчыць перад Ім уся зямля.
Аввакум 2 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча