Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
2 Паралипоменон 34 глава
1 Восем гадоў было Ёсіі, калі ён зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме,
2 і рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні налева, ні направа.
3 На восьмым годзе валадараньня свайго, яшчэ калі быў хлопчыкам, ён пачаў прыходзіць да Бога Давіда, бацькі свайго, а на дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юдэю і Ерусалім ад вышыняў і прысьвечаных дрэў і ад разьбёных і літых куміраў.
4 І разбурылі перад абліччам ягоным ахвярнікі Ваалаў і статуі, якія ўзвышаліся над імі; і прысьвечаныя дрэвы ён сьсек, і разьбёныя літыя куміры паламаў і пабіў у пыл, і рассыпаў па магілах тых, якія прыносілі ім ахвяры,
5 і косьці жрацоў спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юдэю і Ерусалім,
6 і ў гарадах Манасіі і Яфрэма і Сімяона, да калена Нэфталімавага, і ў спустошаных ваколіцах іх
7 ён разбурыў ахвярнікі і прысьвечаныя дрэвы, і куміры разьбіў у пыл, і ўсе статуі пакрышыў і па ўсёй зямлі Ізраільскай, і вярнуўся ў Ерусалім.
8 На васямнаццатым годзе цараваньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і дома Божага, ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю начальніка горада і Ёаха, сына Ёахазавага, дзеяпісальніка, аднавіць дом Госпада Бога свайго.
9 І прыйшлі яны да Хэлкіі першасьвятара і аддалі срэбра, прынесенае ў дом Божы, якое лявіты, якія стаяць на варце каля парога, сабралі з рук Манасіі і Яфрэма, і ўсіх іншых Ізраільцянаў, і ад усяго Юды і Веньяміна і ад жыхароў Ерусаліма,
10 і аддалі ў рукі майстрам работ, што прыстаўленыя да дома Гасподняга, каб яны раздавалі яго работнікам, якія працуюць у доме Гасподнім на папраўленьні і аднаўленьні дома.
11 І яны раздавалі цесьлярам і будаўнікам на куплю часанага каменю і дрэва на зьвязь і пакрыцьцё будынкаў, якія спустошылі цары Юдэйскія.
12 Людзі гэтыя дзеялі сумленна ў працы, і дзеля нагляду над імі былі пастаўлены Яхат і Авадыя, лявіты з сыноў Мэрарыных, і Захар і Мэшулам з сыноў Каатавых, і ўсе лявіты, якія ўмелі граць на музычных спарудах.
13 Яны ж былі прыстаўнікамі над насільшчыкамі і назіралі за ўсімі работнікамі ў кожнай працы; а зь лявітаў былі і пісцы, і наглядчыкі, і брамнікі.
14 Калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, тады Хэлкія сьвятар знайшоў кнігу закона Гасподняга, дадзеную рукою Майсея.
15 І пачаў Хэлкія, і сказаў Шафану пісцу: кнігу закона знайшоў я ў доме Гасподнім. І падаў Хэлкія тую кнігу Шафану.
16 І панёс Шафан кнігу да цара, і прынёс пры гэтым цару вестку: усё, што даручана рабам тваім, яны робяць;
17 і высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім і перадалі яго ў рукі прыстаўнікам і ў рукі майстрам работ.
18 І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Хэлкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.
19 Калі пачуў цар слова закона, дык падраў вопратку на сабе.
20 І даў цар загад Хэлкію і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Аўдону, сыну Міхея, і Шафану пісцу, і Асаю, слузе царскаму, кажучы:
21 ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за пазасталых у Ізраіля і за Юду пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Госпада, які загарэўся на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова Гасподняга, каб дзеяць паводле ўсяго напісанага ў кнізе гэтай.
22 І пайшоў Хэлкія і тыя, якія ад цара, да Алданы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Таўкегата, сына Хасры, захавальніка вопраткі, — а жыла яна ў другой частцы Ерусаліма, — і гаварылі зь ёю пра гэта.
23 І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце таму чалавеку, які паслаў вас да мяне,
24 так кажа Гасподзь: вось Я навяду бедства на месца гэтае і на жыхароў яго ўсе праклёны, напісаныя ў кнізе, якую чыталі перад абліччам цара Юдэйскага,
25 за тое, што яны пакінулі Мяне і дымілі багам іншым, каб гнявіць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх. І гнеў Мой загарыцца над месцам гэтым і не патухне.
26 І цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, дык скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:
27 таму што зьмягчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Богам, пачуўшы словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў яго, — і ты ўпакорыўся прад Мною, і падраў вопратку на сабе, і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.
28 Вось Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў яго. І прынесьлі цару адказ.
29 І паслаў цар, і сабраў усіх старэйшын Юдэі і Ерусаліма,
30 і пайшоў цар у дом Гасподні, і зь ім усе Юдэі і жыхары Ерусаліма, і сьвятары і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага да малога; і ён прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.
31 І стаў цар на месцы сваім, і заключыў запавет прад абліччам Госпада сьледаваць Госпаду і захоўваць запаведзі Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя і пастановы Ягоныя ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, каб выканаць словы запавету, напісаныя ў кнізе гэтай.
32 І загадаў цар пацьвердзіць гэта ўсім, хто быў у Ерусаліме і ў зямлі Веньямінавай; і пачалі дзеяць жыхары Ерусаліма паводле запавета Бога, Бога бацькоў сваіх.
33 І выкінуў Ёсія ўсе мярзоты з усіх земляў, якія ў сыноў Ізраілевых, і загадаў усім у зямлі Ізраілевай служыць Госпаду Богу свайму. І ва ўсе дні жыцьця ягонага яны не адступаліся ад Госпада Бога бацькоў сваіх.
2 Паралипоменон 34 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча