Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
2 Паралипоменон 35 глава
1 І ўчыніў Ёсія ў Ерусаліме пасху Госпаду, і закалолі пасхальнае ягня ў чатырнаццаты дзень першага месяца.
2 І паставіў ён сьвятароў на месцах іхніх, і падбадзёрваў іх на служэньне ў доме Гасподнім;
3 і сказаў лявітам, настаўнікам усіх Ізраільцянаў, пасьвечаных Госпаду: пастаўце каўчэг сьвяты ў храме, які пабудаваў Саламон, сын Давідаў, цар Ізраілеў; няма вам патрэбы насіць яго на плячах; служэце цяпер Госпаду Богу нашаму і народу Яго Ізраілю;
4 станьце па пакаленьнях вашых, па чэргах вашых, як прадпісана Давідам, царом Ізраілевым, і як прадпісана Саламонам, сынам ягоным,
5 і стойце ў сьвятыні, паводле разьмеркаваных пакаленьняў у братоў вашых, сыноў народу, і па падзелах пакаленьняў у лявітаў,
6 і закалеце пасхальнае ягня і асьвяцецеся, і згатуйце яго братам вашым, робячы згодна са словам Гасподнім праз Майсея.
7 І даў Ёсія ў дарунак сынам народу, усім хто там, з дробнага быдла ягнят і казлоў маладых, усё дзеля ахвяры пасхальнай, лікам трыццаць тысяч і тры тысячы валоў. Гэта з маёмасьці цара.
8 І князі ягоныя па руплівасьці давалі ў дарунак народу, сьвятарам і лявітам: Хэлкія і Захар і Ехііл, начальнікі ў доме Божым, далі сьвятарам для ахвяры пасхальнай дзьве тысячы шасьцьсот авечак, ягнят і казлоў і трыста валоў;
9 і Хананія і Шэмая і Натанаіл, браты ягоныя, і Хашавія і Еэл і Ёзавад, начальнікі лявітаў, падарылі лявітам для ахвяры пасхальнай авечак пяць тысяч і пяцьсот валоў.
10 Так наладжана было служэньне, і сталі сьвятары на месца сваё і лявіты паводле чародаў сваіх, па загадзе царскім;
11 і закалолі пасхальнае ягня, і крапілі сьвятары крывёю, прымаючы яе з рук лявітаў, а лявіты здымалі скуру;
12 і разьмеркавалі прызначанае на цэласпаленьне, каб раздаць па аддзелах пакаленьняў у сыноў народу, дзеля прынясеньня Госпаду, як напісана ў кнізе Майсеевай. Тое самае зрабілі і з валамі.
13 І сьпяклі пасхальнае ягня на агні, паводле статуту; і сьвяшчэнныя ахвяры згатавалі ў катлах, гаршках і рондлях і сьпешна раздалі ўсяму народу,
14 а пасьля згатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Ааронавыя, прыносілі цэласпаленьні і тлушчы да ночы, таму і гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Ааронавым.
15 І сьпевакі, сыны Асафавыя, заставаліся на месцах сваіх, паводле ўстанаўленьня Давіда і Асафа, і Эмана і Ідытуна празорліўца царскага, і брамнікі ў кожнай браме: і ня было дзеля чаго ім адыходзіць ад служэньня свайго, бо браты іхнія лявіты гатавалі ім.
16 Так зладжана было ўсё служэньне Госпаду ў той дзень, каб учыніць пасху і прынесьці цэласпаленьні на ахвярніку Гасподнім, па загадзе цара Ёсіі.
17 І ўчынялі сыны Ізраілевыя, якія былі там, пасху ў той час і сьвята праснакоў сем дзён.
18 І ня ўчынялася такая пасха ў Ізраіля зь дзён Самуіла прарока; і з усіх цароў Ізраілевых ніводзін ня ўчыняў такой пасхі, якую ўчыніў Ёсія, і сьвятары, і лявіты, і ўсе Юдэі, і Ізраільцяне, якія былі там, і жыхары Ерусаліма.
19 На васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі ўчынена гэтая пасха.
20 Пасьля ўсяго таго, што зрабіў Ёсія ў доме Божым, пайшоў Нэхаа, цар Егіпецкі на вайну да Кархэміса на Еўфраце; і Ёсія выйшаў насустрач яму.
21 І паслаў да яго Нэхаа паслоў сказаць: што мне і табе, цар Юдэйскі? Ня супроць цябе цяпер іду я, а туды, дзе ў мяне вайна. І Бог загадаў мне сьпяшацца; ня супрацівіся Богу, Які са мною, каб Ён не пагубіў цябе.
22 Але Ёсія не адхіліўся ад яго, а падрыхтаваўся, каб біцца зь ім, і не паслухаўся слоў Нэхаа ад аблічча Божага і выступіў на бітву на раўніну Мэгіда.
23 І стрэлілі стралкі ў цара Ёсію, і сказаў цар слугам сваім, выведзіце мяне, бо я цяжка паранены.
24 І зьвялі яго слугі з калясьніцы, і пасадзілі яго на другую павозку, якая была ў яго, і адвезьлі яго ў Ерусалім. І памёр ён, і пахаваны ў магільніцах бацькоў сваіх. І ўся Юдэя і Ерусалім аплакалі Ёсію.
25 Аплакаў Ёсію і Ерамія ў песьні жалобнай; і гаварылі ўсе сьпевакі і сьпявачкі пра Ёсію ў жалобных песьнях сваіх, вядомых да сёньня, і перадалі іх на ўжытак у Ізраіля; і вось яны ўпісаны ў кнігу жалобных песьняў.
26 Іншыя дзеі Ёсіі і дабрачыннасьці ягоныя, згодныя з прадпісаным у законе Гасподнім,
27 і дзеі ягоныя, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх.
2 Паралипоменон 35 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча