Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Исход 22 глава

1 Калі хто ўкрадзе вала, альбо прадасьць, дык пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі за авечку.
2 Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на яго;
3 але калі ўзышло над ім сонца, дык залічыцца на ім кроў. Хто ўкраў, павінен заплаціць; а калі няма чым, дык няхай прададуць яго на плату за ўкрадзенае ім;
4 калі ўкрадзенае знойдзецца ў яго ў руках жывым, ці то вол, ці асёл, ці авечка, хай заплаціць удвая.
5 Калі хто паглуміць поле, альбо вінаграднік, пусьціўшы быдла сваё глуміць чужое поле, няхай адшкадуе лепшым з поля свайго і лепшым зь вінаградніка свайго.
6 Калі зьявіцца агонь і ахопіць пожню і выпаліць капіцы, альбо жніво, альбо поле, дык павінен заплаціць, хто ўчыніў гэты пажар, удвая;
7 Калі хто аддасьць блізкаму на захаваньне срэбра, альбо рэчы, і яны ўкрадзены будуць з дому ягонага, дык, калі знойдзецца злодзей, няхай ён заплаціць удвая;
8 а калі ня знойдзецца злодзей, няхай гаспадар дома прыйдзе да судзьдзяў і прысягне, што не прасьцёр рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго.
9 Пра ўсякую спрэчную рэч, пра вала, пра асла, пра авечку, пра вопратку, пра ўсякую згубленую рэч, пра якую хто-небудзь скажа, што яна ягоная, справа абодвух павінна быць даведзена да судзьдзяў: каго зьвінавацяць судзьдзі, той заплаціць блізкаму свайму ўдвая.
10 Калі хто аддасьць блізкаму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якое-небудзь іншае быдла на захаваньне, а ён памрэ, альбо будзе пашкоджаны, альбо зьведзены, так што ніхто гэтага ня ўбачыць, —
11 прысяга перад Госпадам хай будзе паміж абодвума пра тое, што той, хто ўзяў, не працягне рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго; і гаспадар павінен прыняць, а той ня будзе плаціць;
12 а калі ўкрадзены будзе ў яго, дык павінен заплаціць гаспадару ягонаму;
13 калі ж будзе зьверам разадраны, дык няхай за доказ пакажа разадранае: за разадранае ён ня плаціць.
14 Калі хто пазычыць у блізкага свайго быдла, і яно будзе пашкоджана, альбо памрэ, а гаспадара яго ня было пры ім, дык павінен заплаціць;
15 а калі гаспадар ягоны быў пры ім, дык не павінен плаціць; калі ён узяты быў у наймы за грошы, дык няхай і пойдзе за тую цану.
16 Калі спакусіць хто дзяўчыну заручаную і перасьпіць зь ёю, няхай дасьць ёй вена і возьме сабе за жонку;
17 а калі бацька ня згодзіцца выдаць яе за яго, няхай заплаціць срэбрам, колькі належыць на вена дзяўчатам.
18 Варажбіткі не пакідай жывою.
19 Кожны скаталожнік хай будзе аддадзены сьмерці.
20 Той, хто прыносіць ахвяру божышчам, акрамя аднаго Госпада, хай будзе зьнішчаны.
21 Прыхадня ня ўціскай і не прыгнятай яго, бо вы самыя былі прыхадні ў зямлі Егіпецкай.
22 Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце;
23 калі ж ты ўцісьнеш іх, дык, калі яны залямантуюць да Мяне, Я пачую лямант іхні,
24 і запалае гнеў Мой, і заб’ю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі і дзеці вашыя сіротамі.
25 Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, дык ня ўціскай яго і не накладвай на яго ліхвы.
26 Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца аддай яе,
27 бо яна адзінае покрыва ў яго, яна — адзеньне цела ягонага, у чым будзе ён спаць? дык вось, калі ён залямантуе да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны.
28 Судзьдзяў не ліхаслові і правадыра ў народзе тваім ня ганьбі.
29 Не марудзь прыносіць пачаткі з гумна твайго і з чавільні тваёй; аддавай Мне першынца з сыноў тваіх;
30 тое самае рабі з валом тваім і з авечкаю тваёю: сем дзён няхай яны будуць пры маці сваёй, а восьмага дня аддавай іх Мне.
31 І будзеце ў Мяне людзьмі сьвятымі; і мяса, разадранага зьверам у полі, ня ежце, сабакам выкідайце яго.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.