Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Исход 28 глава

1 І вазьмі да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім з асяродзьдзя сыноў Ізраілевых, каб ён быў сьвятаром Мне, Аарона і Надава, Авіуда, Элеазара і Ітамара, сыноў Ааронавых.
2 І зрабі сьвяшчэнную вопратку Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздобнасьці.
3 І скажы ўсім, хто мудры сэрцам, каго Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону вопратку дзеля прысьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Мне.
4 Вось вопратка, якую яны павінны справіць: нагруднік, эфод, верхняя рыза, хітон сьцяжны, кідар і пояс. Няхай справяць сьвяшчэннае адзеньне Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб ён быў сьвятаром Мне.
5 Хай яны возьмуць золата, блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і вісону,
6 і зробяць эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону, адмысловага вырабу.
7 У ім павінны быць на абодвух канцах яго два нарамнікі дзеля павязваньня, каб ён быў павязаны.
8 І пояс эфода, які паверх яго, павінен быць аднолькавага зь ім вырабу, з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону.
9 І вазьмі два камені аніксу і выраж на іх імёны сыноў Ізраілевых:
10 шэсьць імёнаў іхніх на адным камені і шэсьць імёнаў астатніх на другім камені, у парадку іх нараджэньня;
11 разьбяр па камені, які выразае пячаткі, хай выража на двух камянях імёны сыноў Ізраілевых; і ўстаў іх у залатыя гнёзды
12 і пакладзі два камені гэтыя на нарамнікі эфода; гэта камяні на памяць сынам Ізраілевым; і будзе Аарон насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух плячах сваіх дзеля памяці.
13 І зрабі гнёзды з золата;
14 і два ланцужкі з чыстага золата, вітымі зрабі іх вырабам плеценым; і прымацуй вітыя ланцужкі да гнёздаў.
15 Зрабі нагруднік судны адмысловага вырабу; зрабі яго такім самым вырабам, як эфод: з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону зрабі яго;
16 ён павінен быць чатырохкутны, падвойны, на пядзю ў даўжыню і на пядзю ў шырыню:
17 і ўстаў у яго апраўленыя камяні ў чатыры рады; побач рубін, тапаз, смарагд — гэта адзін рад;
18 другі рад: карбункул, сапфір і адамант:
19 трэці рад: карунд, агат і аметыст;
20 чацьвёрты рад: хрызаліт, анікс і ясьпіс; у залатыя гнёзды павінны быць устаўлены яны.
21 Гэтых камянёў павінна быць дванаццаць, па колькасьці, паводле імёнаў іх; на кожным, як на пячатцы, павінна быць выразана па адным імю зь ліку дванаццаці плямёнаў.
22 Да нагрудніка зрабі ланцужкі вітыя плеценага вырабу з чыстага золата;
23 і зрабі да нагрудніка два колцы з золата і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка;
24 і ўкладзі два пляцёныя ланцужкі з золата ў абодва колцы на канцах нагрудніка,
25 а два канцы двух ланцужкоў прымацуй да двух гнёздаў і прымацуй да нарамніка эфода зь відавога боку яго;
26 яшчэ зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух другіх канцоў нагрудніка на тым баку, які ляжыць да эфода ўсярэдзіну;
27 таксама зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух нарамнікаў эфода зьнізу, зь відавога боку яго, каля злучэньня яго, над поясам эфода;
28 і прымацоўваць нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не спадаў нагруднік з эфода.
29 І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраілевых на нагрудніку судным каля сэрца свайго, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, дзеля заўсёднай памяці перад Госпадам.
30 На нагруднік судны пакладзі урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Ааронавага, калі будзе ён уваходзіць перад аблічча Гасподняе; і будзе Аарон заўсёды насіць суд сыноў Ізраілевых каля сэрца свайго перад абліччам Гасподнім.
31 І зрабі верхнюю рызу да эфода ўсю блакітную;
32 пасярэдзіне яе павінна быць прарэха для галавы; па краі прарэхі вакол павінна быць абшыўка тканая, як у адтуліне ў панцыры, каб ня дралася;
33 на прыполе яе зрабі яблыкі зь нітак блакітнага, яхантавага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вакол па прыполе яе; чашачкі залатыя пасярод іх вакол:
34 залатая чашачка і яблык, залатая чашачка і яблык, па прыполе верхняй рызы наўкола;
35 яна будзе на Аароне ў набажэнстве, каб чуцен быў ад яго гук, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча Гасподняе і калі будзе выходзіць, каб яму не памерці.
36 І зрабі паліраваную дошчачку з чыстага золата, і выраж на ёй, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятасьць Гасподняя»,
37 і прымацуй яе шнурком блакітнага колеру да кідара, так каб яна была зь відавога боку кідара;
38 і будзе яна на лобе Ааронавым, і панясе на сабе Аарон недахопы прынашэньняў, прысьвячаных сынамі Ізраілевымі, і ўсіх дарункаў, што імі прыносяцца; і будзе яна ўвесь час на лобе ў яго, дзеля ўпадабаньня Гасподняга да іх.
39 І зрабі хітон зь вісону і кідар зь вісону і зрабі пояс узорыстага вырабу;
40 зрабі і сынам Ааронавым хітоны, зрабі ім паясы, і павязкі на галаву зрабі ім дзеля славы і аздобнасьці,
41 і апрані ў іх Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім, і памаж іх, і напоўні рукі іхнія, і прысьвяці іх, і яны будуць сьвятарамі Мне.
42 І зрабі ім сподняе ільняное, каб прыкрываць цялесную галізну ад паясьніцы да галеняў,
43 і хай будзе яно на Аароне і на сынах ягоных, калі будуць яны ўваходзіць у скінію сходу, альбо прыступаць да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, каб ім не навесьці грэху і не памерці. Гэта статут вечны, яму і нашчадкам ягоным пасьля яго.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.