Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Иезекииль 17 глава
1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! прапануй загадку і скажы прыпавесьць дому Ізраілеваму.
3 Скажы: так кажа Гасподзь Бог: вялікі арол зь вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, пушысты, перысты прыляцеў на Ліван і зьняў з кедра вяршаліну,
4 сарваў верхні малады парастак і прынёс яго ў зямлю Ханаанскую, у горадзе гандляроў пасадзіў яго;
5 і ўзяў з насеньня гэтай зямлі і пасадзіў на зямлі насеньня, разьмясьціў каля вялікіх водаў, як садзяць вярбу.
6 І яно вырасла і зрабілася вінаграднаю лазою, шырокаю, нізкаю ростам, гольле якое хілілася да яе, і карані яе былі пад ёю, і зрабілася вінаграднаю лазою — і дало парасьці і пусьціла вецьце.
7 І яшчэ быў арол зь вялікімі крыламі і пушысты; і вось, гэтая вінаградная лаза пацягнулася да яго сваімі каранямі і працягнула да яго галіны свае, каб ён паліваў яе з барознаў расадніка свайго.
8 Яна была пасаджана на добрым полі, каля вялікіх водаў, так што магла пускаць вецьце і радзіць плод, зрабіцца лазою цудоўнаю.
9 Скажы: так кажа Гасподзь Бог: ці будзе ёй посьпех? Ці ня вырвуць карэньне яе і ці не абарвуць плады яе, так што яна ўсохне? усе маладыя галіны, што адрасьлі ад яе, усохнуць. І не зь вялікаю сілаю і ня з многімі людзьмі сарвуць яе з каранёў яе.
10 І вось, хоць яна пасаджана, але ці будзе посьпех? ці ня высахне яна, як толькі дыхне на яе ўсходні вецер? высахне на градах, дзе вырасла.
11 І было мне слова Гасподняе:
12 скажы мяцежнаму дому: хіба ня ведаеце, што гэта азначае? — Скажы: прыйшоў цар Вавілонскі ў Ерусалім, і ўзяў цара ягонага і князёў ягоных і прывёў іх да сябе ў Вавілон.
13 І ўзяў іншага з царскага роду і ўчыніў зь ім спрымірэнства, і абавязаў яго клятваю і ўзяў моцных зямлі той з сабою,
14 каб царства было пакорлівае, каб не магло падняцца, каб захоўвалася спрымірэнства і стаяла цьвёрда.
15 Але той адпаў ад яго, паслаўшы паслоў сваіх у Егіпет, каб далі яму коней і шмат людзей. Ці будзе яму посьпех? Ці ацалее той, хто гэта робіць? Ён парушыў спрымірэнства — і ці ацалее?
16 Жыву Я, кажа Гасподзь Бог: у месцы, дзе цар, які паставіў яго царом, і дадзеную яму клятву ён пагардзіў і парушыў спрымірэнства сваё зь ім, ён памрэ ў яго ў Вавілоне.
17 Зь вялікаю сілаю і шматлікім народам фараон нічога ня зробіць дзеля яго ў гэтай вайне, калі будзе насыпаны вал і пабудаваны будуць абложныя вежы на пагібель многіх душаў.
18 Ён пагардзіў клятваю, каб парушыць спрымірэнства, і вось, даў руку сваю і зрабіў усё гэта; ён не ацалее.
19 Таму так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! клятву Маю, якою ён пагардзіў, і спрымірэнства Маё, якое ён парушыў, Я абярну на яго галаву.
20 І закіну на яго сетку Маю, і злоўлены будзе ў цянёты Мае; і прывяду яго ў Вавілон і там буду судзіцца зь ім за вераломства яго супроць Мяне.
21 І ўсе ўцекачы ягоныя з усіх рушэньняў ягоных загінуць ад меча, а хто застанецца, разьвеяныя будуць па ўсіх вятрах; і ўведаеце, што Я, Гасподзь, сказаў гэта.
22 Так кажа Гасподзь Бог: і вазьму я зь верху высокага кедра — і пасаджу; зь верхніх парасткаў ягоных адарву пяшчотную парасьліну і пасаджу на высокай і велічнай гары.
23 На высокай гары Ізраілевай пасаджу яго, — і пусьціць вецьце і ўродзіць плод і зробіцца велічным кедрам, і будуць вадзіцца пад ім усякія птушкі, усякія крылатыя будуць вадзіцца ў цяні гольля яго.
24 І ўведаюць усе дрэвы польныя, што Я, Гасподзь, высокае дрэва паніжаю, нізкае дрэва павышаю, зялёнае дрэва сушу, а сухое дрэва раблю квяцістым: Я, Гасподзь, сказаў і зраблю.
Иезекииль 17 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча