Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Иезекииль 18 глава
1 І было мне слова Гасподняе:
2 навошта вы ўжываеце ў зямлі Ізраілевай гэтую прымаўку, кажучы: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах аскома»?
3 Жыву Я! кажа Гасподзь Бог, ня будуць наперад казаць прымаўку гэтую ў Ізраілі.
4 Бо вось, усе душы — Мае: як бацькава душа, так і душа сынава — Мае; душа, якая грэшыць, памрэ.
5 Калі хто праведны і чыніць суд і праўду,
6 на горах ахвярнага ня есьць і да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае і да свае жонкі ў час ачышчэньня яе нячыстотаў не набліжаецца,
7 нікога ня ўціскае, пазычэнцу вяртае заклад ягоны, захопаў ня робіць, хлеб свой дае галоднаму і голага накрывае вопраткай,
8 у ліхву не дае і ліхвы не бярэ, ад няпраўды стрымлівае руку сваю, суд чалавеку з чалавекам учыняе правільна,
9 учыняе паводле запаведзяў Маіх і трымаецца пастановаў Маіх шчыра; дык ён — праведнік, ён напэўна будзе жывы, кажа Гасподзь Бог.
10 але калі ў яго нарадзіўся сын разбойнік, які пралівае кроў і робіць што-колечы з таго,
11 чаго ён сам зусім не рабіў: і на горах есьць ахвярнае і жонку блізкага свайго апаганьвае.
12 беднага і ўбогага ўціскае, гвалтам адбірае, закладу не вяртае і да ідалаў зьвяртае вочы свае, робіць гідоту,
13 у рост дае і бярэ ліхву, — дык ці ж будзе ён жывы. Не, ён ня будзе жывы. Хто робіць усе такія гідоты, той мусова памрэ, кроў яго будзе на ім.
14 Але калі ў каго нарадзіўся сын, які, бачачы грахі бацькі свайго, як ён робіць, бачыць — і ня робіць падобна, як яны:
15 на горах ахвярнага ня есьць, да ідалаў дому Ізраілевага не зьвяртае вачэй сваіх, жонкі блізкага свайго не апаганьвае
16 і чалавека ня ўціскае, закладу не бярэ і гвалтам не адбірае, хлеб свой дае галоднаму і голага накрывае вопраткай,
17 ад крыўды беднаму стрымлівае руку сваю, росту і ліхвы не бярэ, выконвае Мае загады і паводзіцца паводле запаведзяў Маіх, — дык гэты не памрэ за беззаконнасьць бацькі свайго; ён будзе жывы.
18 А бацька ягоны, як што ён жорстка ўціскаў, рабаваў брата і нядобрае рабіў сярод свайго, вось, — ён памрэ за сваё беззаконьне.
19 Вы кажаце: «чаму ж сын не нясе віны бацькі свайго?» Бо сын робіць законна і справядліва, усе пастановы Мае шануе і выконвае іх; ён будзе жывы.
20 Душа, якая грэшыць, яна памрэ; сын не панясе віны бацькі і бацька не панясе віны сына, праўда справядлівага пры ім і застаецца і беззаконнасьць беззаконнага пры ім і застаецца.
21 І беззаконьнік, калі адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія рабіў, і будзе трымацца ўсіх пастановаў Маіх і паводзіцца законна і праведна, жывы будзе, не памрэ.
22 Усе злачынствы ягоныя, якія рабіў ён, не папомняцца яму; у праўдзе сваёй, якую будзе рабіць, ён жывы будзе.
23 Хіба Я хачу сьмерці беззаконьніка? кажа Гасподзь Бог. Ці ж не таго, каб ён адвярнуўся ад шляхоў сваіх і быў жывы?
24 І праведнік, калі адступіцца ад праўды сваёй і будзе паводзіцца няправедна, будзе рабіць усе тыя мярзоты, якія робіць беззаконьнік, ці будзе ён жывы? усе добрыя ўчынкі ягоныя, якія ён рабіў, не папомняцца; за беззаконьне сваё, якое робіць, і за грахі свае, у якіх грэшны, ён памрэ.
25 Але вы кажаце: «няправільны шлях Госпада». Паслухайце, доме Ізраілеў! Ці мой шлях няправільны? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя?
26 Калі праведнік адступаецца ад праўды сваёй і ўчыняе беззаконьне і за гэта памірае, дык ён памірае за беззаконьне сваё, якое ўчыніў.
27 І беззаконьнік, калі адварочваецца ад беззаконьня свайго, якое ўчыняе, і чыніць суд і праўду, — да жыцьця верне душу сваю.
28 Бо ён убачыў і адвярнуўся ад усіх злачынстваў сваіх, якія ўчыняў; ён будзе жывы, не памрэ.
29 А дом Ізраілеў кажа: «няправільны шлях Госпада!» Ці ж Мае шляхі няправільныя, доме Ізраілеў? ці ж ня вашыя шляхі няправільныя?
30 Таму Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных, кажа Гасподзь Бог; пакайцеся і адвярнецеся ад усіх злачынстваў вашых, каб бязбожнасьць ня сталася вам на спатыкненьне.
31 Адкіньце ад сябе ўсе грахі вашыя, якімі грашылі вы, і стварэце сабе новае сэрца і новы дух: і навошта вам паміраць, доме Ізраілеў?
32 Бо Я не хачу сьмерці таму, хто памірае, кажа Гасподзь Бог; а навярнецеся — і жывеце!
Иезекииль 18 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча