Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Иезекииль 34 глава
1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! вымаві прароцтва на пастыраў Ізраілевых, вымаві прароцтва і скажы ім, пастырам: так кажа Гасподзь Бог: гора пастырам Ізраілевым, якія пасьвілі саміх сябе! ці ж ня статак павінны пасьвіць пастыры?
3 Вы елі тлушч і воўнаю апраналіся, укормленых авечак калолі, а статак ня пасьвілі.
4 Слабых не мацавалі і хворай авечкі ня лекавалі і параненай не перавязвалі, і сагнанай не вярталі і згубленай ня шукалі, а кіравалі імі з гвалтам і жорсткасьцю.
5 І расьсеяліся яны бяз пастыра і расьсеяўшыся парабіліся ежаю ўсякаму зьверу польнаму.
6 Блукаюць авечкі Мае па ўсіх горах і па ўсякіх высокіх пагорках, і па ўсім улоньні зямлі расьсеяліся авечкі Мае, і ніхто не разьведвае пра іх і ніхто ня шукае іх.
7 Таму, пастыры, выслухайце слова Гасподняе.
8 Жыву Я! кажа Гасподзь Бог; за тое, што авечкі Мае былі пакінутыя, каб іх пахапалі, і бяз пастыра зрабіліся авечкі Мае ежаю ўсякаму зьверу польнаму, і пастыры Мае ня шукалі авечак Маіх і пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,
9 за тое, пастыры, паслухайце слова Гасподняе.
10 Так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім.
11 Бо так кажа Гасподзь Бог: вось Я Сам знайду авечак Маіх і агледжу іх.
12 Як пастух правярае статак свой у той дзень, калі ён сярод статку свайго расьсеянага, так Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, у якія яны былі расьсеяны ў дзень хмарны і змрочны.
13 І выведу іх з народаў і зьбяру іх з краін, і прывяду іх у зямлю іхнюю і буду пасьвіць іх на горах Ізраілевых, каля патокаў і на ўсіх населеных мясьцінах зямлі гэтай.
14 Буду пасьвіць іх на добрай пашы, і кашара іхняя будзе на высокіх горах Ізраілевых; там яны будуць адпачываць у добрым загоне і будуць пасьвіцца на сакавітай пашы — на горах Ізраілевых.
15 Я буду пасьвіць авечкі Мае і Я буду пакоіць іх, кажа Гасподзь Бог.
16 Якая згубілася, тую знайду і адагнаную вярну, і параненую перавяжу і хворую ўмацую, і ўтлусьцелую і буйную зьнішчу; буду пасьвіць іх па праўдзе.
17 А вас, авечкі Мае, — так кажа Гасподзь Бог, — вось, Я буду судзіць паміж авечкаю і авечкаю, паміж бараном і казлом.
18 Хіба мала вам таго, што пасьвіцеся на добрай пашы, а між тым астатняе на пашы вашай дратуеце нагамі вашымі, п’яце чыстую ваду, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі,
19 так што авечкі Мае павінны карміцца тым, што патаптана нагамі вашымі, і піць тое, што скаламучана нагамі вашымі?
20 Таму так кажа ім Гасподзь Бог: вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкаю тлустаю і авечкаю худою.
21 Як што вы штурхаеце бокам і плячом, і рагамі сваімі бораце ўсіх слабых, пакуль ня выштурхнеце іх вонкі,
22 дык Я ўратую авечкі Мае, і іх ня будуць ужо расьцягваць, і рассуджу паміж авечкаю і авечкаю.
23 І пастаўлю над імі аднаго пастыра, які будзе пасьвіць іх, раба Майго Давіда; ён будзе пасьвіць іх і ён будзе ў іх за пастыра.
24 І Я Гасподзь буду іхнім Богам, і раб Мой Давід будзе князем сярод іх. Я Гасподзь сказаў гэта.
25 І заключу зь імі запавет міру і выдалю зь зямлі лютых зьвяроў, так што ў бясьпецы жыцьмуць у стэпе і спацьмуць у лясах.
26 Дам ім і ваколіцам пагорка Майго дабраславеньне, і дождж буду пасылаць у свой час; гэта будзе дождж дабраславеньня.
27 І палявое дрэва будзе даваць плод свой, і зямля будзе даваць утворы свае; і будуць яны ўбясьпечаны на зямлі сваёй, і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі паламаю сувязі ярма іхняга і вызвалю іх з рукі рабаўніка іхняга.
28 Яны ня будуць ужо здабычаю народаў, і палявыя зьвяры ня будуць жэрці іх; яны будуць жыць убясьпечана, і ніхто ня будзе палохаць іх.
29 І ўчыню ў іх пасадку слаўную, і ня будуць ужо гінуць ад голаду на зямлі і цярпець ганьбаваньне ад народаў.
30 І ўведаюць, што Я, Гасподзь Бог іхні — зь імі, і яны, дом Ізраілеў — Мой народ, кажа Гасподзь Бог,
31 і што вы — авечкі Мае, авечкі паствы Маёй; вы — людзі, а Я — Бог ваш, кажа Гасподзь Бог.
Иезекииль 34 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча