Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Иезекииль 5 глава

1 А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе востры нож, брытву цырульніцкую вазьмі сабе і вадзі ёю па галаве тваёй і па барадзе тваёй, і вазьмі сабе вагі і разьдзялі валасы на часткі.
2 Траціну спалі агнём пасярод горада, калі закончацца дні аблогі; траціну вазьмі і пасячы нажом у ваколіцах яго; і траціну разьвей па ветры; а Я агалю меч сьледам за імі.
3 І вазьмі з гэтага невялікую колькасьць і завяжы іх сабе ў крысьсе.
4 Але і з гэтага вазьмі яшчэ і кінь у агонь, і спалі гэта ў агні. Адтуль выйдзе агонь на ўвесь дом Ізраілеў.
5 Так кажа Гасподзь Бог: гэта — Ерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго — землі.
6 А ён зрабіў насуперак пастановам Маім бязбожней за язычнікаў, і насуперак статутам Маім — горш, чым землі вакол яго; бо яны адкінулі пастановы Мае і паводле статутаў Маіх ня чыняць.
7 Таму так кажа Гасподзь Бог: за тое, што вы памножылі правіны вашыя болей, чым язычнікі, якія вакол вас, паводле статутаў Маіх ня чыніце і пастановаў Маіх ня выконваеце, і нават ня робіце паводле пастановаў язычнікаў, якія вакол вас,
8 таму так кажа Гасподзь Бог: вось і Я супроць цябе, Я Сам, і ўчыню сярод цябе суд на вачах у язычнікаў.
9 І зраблю над табою тое, чаго Я ніколі не рабіў і чагосьці падобнага далей не рабіцьму, за ўсе твае гідоты.
10 Затое бацькі будуць есьці сыноў сярод цябе, і сыны будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню над табою суд, і ўсю рэшту тваю расьсею па ўсіх вятрах.
11 Таму, жыву Я, кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты апаганіў сьвятыню Маю ўсімі гідотамі і ўсімі гнюсотамі тваімі, Я зьнікчэмню, і не пашкадуе вока Маё, і Я не ўмілажалюся зь цябе.
12 Траціна ў цябе памрэ ад пошасьці і загіне з голаду сярод цябе; траціна загіне ад меча ў ваколіцах тваіх; а траціну разьвею па ўсіх вятрах, і агалю меч сьледам за імі.
13 І распаліцца гнеў Мой, і наталю лютасьць Маю імі, і задаволюся; і даведаюцца, што Я, Гасподзь, гаварыў у клопаце Маім, калі ўчыніцца над імі лютасьць Мая.
14 І зраблю цябе пустэльняю і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах у кожнага, хто праходзіць міма.
15 І будзеш пасьмешышчам і ганьбаю, прыкладам і жахам у народаў, якія вакол цябе, калі я зьдзейсьню над табою суд у гневе і лютасьці, і ў лютых карах, Я Гасподзь мовіў гэта,
16 і калі пашлю на іх лютыя стрэлы голаду, якія будуць нішчыць, калі пашлю іх на пагібель вам і ўзмацню голад сярод вас, і струшчу хлебную апору ў вас,
17 і пашлю на вас голад і лютых зьвяроў, і пазбавяць цябе дзяцей; і пошасьць і кроў пройдзе па табе, і меч навяду на цябе; Я, Гасподзь, мовіў гэта.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.