Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 5 глава
1 І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе востры меч, які згольвае валасы, і скарыстай яго, і агалі сабе ім галаву і бараду, і вазьмі сабе сікль за вагу, і падзялі аголеныя валасы.
2 Адну частку іх спаліш у агні ў цэнтры горада, калі скончацца дні аблогі; і возьмеш другую частку, і пасячэш яе мечам вакол яго; а трэцюю частку раскідаеш з ветрам, і на іх Я выцягну меч.
3 І вазьмі з іх малую толькі частку, і закруці ў крысо свайго плашча;
4 і возьмеш яшчэ з іх крышку, і кінеш у агонь, і спаліш іх агнём; і выйдзе з гэтага агонь. І скажаш ты да ўсяго дому Ізраэля:
5 “Гэта кажа Госпад Бог: “Вось Ерузалім! Памясціў Я яго між паганамі, і ён акружаны чужымі краінамі.
6 І пагардзіў ён Маімі законамі з большаю бязбожнасцю, чым пагане, ды Маімі прыказаннямі — больш, чым землі, якія яго акружаюць: бо адкінулі ізраэльцы законы Мае і не хадзілі паводле Маіх прыказанняў”.
7 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што вы больш бунтоўныя, чым пагане, што вас акружаюць, і не хадзілі паводле Маіх прыказанняў і законаў Маіх не выконвалі, і не трымаліся законаў народаў, што вас акружаюць, —
8 дзеля таго вось што кажа Госпад Бог, — Вось, Я іду супраць цябе Сам, і Я на вачах паганаў зраблю над табою суд,
9 і з прычыны ўсіх тваіх агіднасцей зраблю з табою тое, чаго ніколі не рабіў і ўжо ніколі не зраблю.
10 Таму бацькі будуць есці сыноў пасярод цябе, і сыны будуць есці сваіх бацькоў, і выканаю над табою прысуд, і ўсе твае рэшткі рассею на ўсе вятры.
11 Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, сапраўды, што ты святыню Маю апаганіў усімі тваімі брыдотамі ды ўсімі тваімі агіднасцямі, Я таксама прыніжу цябе, і не пашкадуе вока Маё, і не злітуюся.
12 Адна трэцяя частка твая памрэ ад пошасці і загіне пасярод цябе ад голаду; і адна трэцяя частка твая ўпадзе ад меча ў ваколіцах тваіх; а адну трэцюю частку тваю Я раскідаю на ўсе вятры і выцягну меч на іх.
13 І супакоіцца абурэнне Маё, і супакою на іх лютасць Маю, і спыню гнеў; і даведаюцца яны, што Я, Госпад, прамовіў гэта ў руплівасці Маёй, калі вылью гнеў Мой на іх.
14 І зраблю з цябе пустыню і ганьбу сярод народаў, што цябе акружаюць, на віду кожнага, хто праходзіць міма,
15 і ты станеш ганьбай і пасмешышчам, перасцярогай і страхам для народаў, што цябе акружаюць, калі споўню Я суды на цябе ў абурэнні, і ў лютасці, і ў пакараннях гневу. Я, Госпад, сказаў гэта.
16 Калі пашлю супраць вас стрэлы голаду, каб нішчыць вас, і калі іх пашлю для вашай загубы, то памножу між вамі голад, і зламаю для вас апору ў хлебе;
17 і пашлю на вас голад і дзікіх звяроў, і яны асірацяць цябе, і пошасць і кроў пройдуць праз цябе, і ўзвяду на цябе меч”. Я, Госпад, сказаў гэта».
Иезекииль 5 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча