Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Михей 4 глава

1 І будзе ў апошнія дні: гара дома Гасподняга пастаўлена будзе на чале гор і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе народы.
2 І пойдуць многія народы і скажуць: «прыйдзеце, і ўзыдзем на гару Гасподнюю і ў дом Бога Якаўлевага, — і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных; бо ад Сіёна выйдзе закон і слова Гасподняе — зь Ерусаліма.
3 І будзе Ён судзіць многія народы і выкрые многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць яны мечы свае на аралы і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць,
4 але кожны будзе сядзець пад сваёю вінаграднаю лазою і пад сваёю смакоўніцай, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны Госпада Саваофа вымавілі гэта.
5 Бо ўсе народы ходзяць, кожны — у імя свайго бога; а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага вавек».
6 У той дзень, кажа Гасподзь, зьбяру кульгавае і спалучу разагнанае і тых, на каго я навёў бедства.
7 І зраблю кульгавае астаткам і далёка расьсеянае моцным народам, і Гасподзь будзе валадарыць над імі на гары Сіёне ад сёньня і давеку.
8 А ты, вежа статку, пагорак дачкі Сіёна! да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае ўладарства, царства — да дачок Ерусаліма.
9 Дзеля чаго ж ты сёньня так голасна лямантуеш? Хіба няма ў цябе цара? Альбо ня стала ў цябе дарадцы, што цябе схапілі пакуты, як парадзіху?
10 Пакутуй і ўбольвайся мукамі, дачка Сіёна, як парадзіха, бо сёньня ты выйдзеш з горада і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Вавілона. Ты будзеш выратавана, там адкупіць цябе Гасподзь ад рукі ворагаў тваіх.
11 А цяпер сабраліся супроць цябе многія народы і кажуць: «хай будзе яна апаганена, і хай нагледзіцца вока нашае на Сіён!»
12 Але яны ня ведаюць думак Гасподніх і не разумеюць парады Ягонай, што Ён сабраў іх як снапы на гумно.
13 Устань і малаці, дачка Сіёна; бо Я зраблю рог твой жалезным і капыты твае зраблю меднымі, — і скрышыш многія народы і прысьвеціш Госпаду здабыткі іхнія і багацці іхнія Ўладару ўсёй зямлі.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.