Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Деяния 15 глава
1 Некаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, вучылі братоў: калі не абрэжацеся паводле абраду Майсеевага, ня можаце ўратавацца.
2 Калі ж пачаліся нязгоды і немалое змаганьне ў Паўла і Варнавы зь імі, дык пастанавілі Паўлу і Варнаву і некаторым іншым зь іх выправіцца ў гэтай справе да апосталаў і прасьвітараў у Ерусалім.
3 І вось, праведзеныя царквою, яны праходзілі Фінікію і Самарыю, расказваючы пра наварот язычнікаў, і рабілі вялікую радасьць ва ўсіх брацтвах.
4 А як прыйшлі ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, апосталамі і прасьвітарамі, і абвясьцілі ўсё, што Бог учыніў зь імі, і як адчыніў дзьверы веры язычнікам.
5 Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закона Майсеевага.
6 Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы.
7 Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі;
8 і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам;
9 і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
10 Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы?
11 Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны.
12 Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў.
13 А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы браты! паслухайце мяне:
14 Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё;
15 і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:
16 «потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе,
17 каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта».
18 Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя.
19 Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца,
20 а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе:
21 бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы.
22 Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта: Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў,
23 напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца.
24 Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона, чаго мы ім не даручалі;
25 дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам,
26 людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
27 І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі.
28 Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага:
29 устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя».
30 І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо.
31 А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму.
32 Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх.
33 Пабыўшы там якісь час, яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў;
34 але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім.
35 А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе.
36 Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць.
37 Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам,
38 але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя.
39 Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр;
40 а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай,
41 і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
Деяния 15 глава в переводах