Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Римлянам 9 глава

1 Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
2 што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
3 я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
4 гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
5 іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
6 Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
7 і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».
8 Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
9 А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».
10 І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
11 бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
12 залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,
13 як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».
14 Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
15 Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».
16 Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
17 Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».
18 Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
19 Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
20 А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
21 Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?
22 Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
23 каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —
24 над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
25 Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».
26 І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».
27 А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
28 бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі».
29 І як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».
30 Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
31 а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.
32 Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
33 як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».

Римлянам 9 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.