Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Деяния 21 глава

ЗАКАНЧЭННЕ ДЗЕЙНАСЦІ ПАЎЛА І АРЫШТПавел адпраўляецца ў Ерузалем1 Калі мы, расстаўшыся з імі, адплылі, то простым шляхам прыбылі на Кос, затым — на Родас, а адтуль — у Патару.
2 Знайшоўшы карабель, які плыў у Феніцыю, мы селі і паплылі.
3 А калі паказаўся Кіпр, мы абмінулі яго злева і паплылі ў Сірыю. Прысталі ў Тыры, бо там трэба было разгрузіць карабель.
4 Знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён. Яны ж, натхнёныя Духам, казалі Паўлу не ісці ў Ерузалем.
5 Пасля гэтых дзён мы выбраліся ў дарогу, а ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас за горад. Укленчыўшы на беразе і памаліўшыся,
6 мы развіталіся адзін з адным і селі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.
7 На заканчэнне нашага плавання мы прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе прывіталі братоў і прабылі ў іх адзін дзень.
У Цэзарэі. Прароцтва Агава8 Назаўтра адышлі і прыбылі ў Цэзарэю. Увайшоўшы ў дом дабравесніка Філіпа, аднаго з сямі дыяканаў, мы засталіся ў яго.
9 Ён меў чатыры дачкі, дзевы, якія прарочылі.
10 У той час, як мы былі ў іх шмат дзён, прыйшоў з юдэі пэўны прарок, па імені Агаў.
11 Ён увайшоў да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Так кажа Дух Святы: “Таго чалавека, чый гэта пояс, так звяжуць у Ерузалеме юдэі і аддадуць у рукі язычнікаў”».
12 Калі мы гэта пачулі, угаворвалі Паўла разам з тамтэйшымі братамі не хадзіць у Ерузалем.
13 Аднак Павел адказаў: «Навошта плачаце і засмучаеце маё сэрца? Бо я дзеля імя Пана Езуса гатовы не толькі быць звязаным, але і памерці ў Ерузалеме».
14 Паколькі яго не ўдалося ўгаварыць, мы супакоіліся, сказаўшы: «Няхай будзе воля Пана!»
Павел у Ерузалеме15 Пасля гэтых дзён мы падрыхтаваліся і вырушылі ў Ерузалем.
16 З намі пайшлі некаторыя вучні з Цэзарэі і прывялі да нас нейкага Мнасона з Кіпра, даўняга вучня, які меў нас прыняць.
17 Калі мы прыйшлі ў Ерузалем, браты радасна прынялі нас.
18 На другі дзень Павел пайшоў з намі да Якуба, куды прыйшлі таксама ўсе старэйшыны.
19 Прывітаўшы іх, ён падрабязна расказваў пра тое, што Бог учыніў сярод язычнікаў праз яго служэнне.
20 Пачуўшы гэта, яны ўславілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў паверыла, а ўсе яны рупліўцы Закону.
21 Яны чулі пра цябе, быццам ты юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступаць ад Майсея, кажучы, каб не абразалі дзяцей і не трымаліся звычаяў.
22 Дык што ж? Яны напэўна пачуюць, што ты прыйшоў.
23 Зрабі тое, што мы кажам табе. У нас ёсць чатыры мужчыны, якія далі абяцанне.
24 Вазьмі іх з сабою, ачысціся разам з імі і заплаці за іх выдаткі, каб яны абстрыглі свае галовы. Так даведаюцца ўсе, што ім кажуць пра цябе няпраўду і што ты сам выконваеш Закон.
25 А што да тых язычнікаў, якія паверылі, мы напісалі ім сваю параду, каб яны стрымліваліся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты».
26 Тады Павел узяў тых мужчын і назаўтра, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню і абвясціў пра заканчэнне дзён ачышчэння, калі за кожнага з іх павінна быць прынесена ахвяра.
Арышт Паўла27 Калі ж заканчваліся сем дзён, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь народ і схапілі яго
28 з крыкам: «Мужы ізраэльскія, дапамажыце! Гэты чалавек усюды ўсіх навучае супраць народу, Закону і гэтага месца. Яшчэ і грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
29 Бо перад тым яны бачылі ў горадзе з ім Трафіма эфесца і казалі пра яго, што Павел увёў яго ў святыню.
30 Увесь горад узрушыўся, і збегся народ. Яны схапілі Паўла, выцягнулі яго са святыні і адразу зачынілі дзверы.
31 Калі хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерузалем збунтаваўся.
32 Ён адразу ж узяў жаўнераў і сотнікаў і прыбег да іх. Убачыўшы тысячніка і жаўнераў, яны перасталі біць Паўла.
33 Тады тысячнік, наблізіўшыся, схапіў яго і загадаў скаваць падвойнымі ланцугамі. Дапытваўся таксама, хто ён і што ўчыніў.
34 У натоўпе ж усе крычалі сваё. Не здолеўшы даведацца нічога пэўнага з-за шуму, ён загадаў завесці яго ў крэпасць.
35 Калі быў на прыступках, жаўнеры мусілі несці яго з прычыны націску натоўпу,
36 бо шмат народу ішло за ім і крычала: «Забі яго!»
37 Пры ўваходзе ў крэпасць Павел сказаў тысячніку: «Ці можна сказаць табе нешта?» Той адказаў: «Ты гаворыш па-грэцку?
38 Значыць ты не той егіпцянін, які нядаўна ўчыніў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы забойцаў?»
39 Павел адказаў: «Я юдэй з Тарса, грамадзянін вядомага горада ў Цыліцыі. Прашу цябе, дазволь мне звярнуцца да народу».
40 Калі ж той дазволіў, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукой. Калі настала поўная ціша, прамовіў па-габрэйску, кажучы:
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.