Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Деяния 22 глава

Прамова Паўла да юдэяў1 «Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі».
2 Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. А ён сказаў:
3 «Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна Закону айцоў, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння.
4 Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын,
5 як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсё старшынства. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.
6 Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба.
7 Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
8 Я адказаў: “Хто Ты, Пане?” Ён адказаў мне: “Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш”.
9 Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.
10 Тады я сказаў: “Што мне рабіць, Пане?” А Пан сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, там будзе сказана табе пра ўсё, што трэба рабіць”.
11 Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.
12 Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога добра сведчылі ўсе жыхары Юдэі,
13 прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: “Браце Саўле, будзь зноў відушчым!” І ў той жа момант я ўбачыў яго.
14 Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
15 бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў.
16 А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.
17 Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне.
18 Я ўбачыў Яго, а Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
19 І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе.
20 А калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне ягоных забойцаў.
21 Але Пан сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».
Павел — рымскі грамадзянін22 Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі, бо такі не мае права жыць!»
23 Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра,
24 тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі супраць яго.
25 Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?»
26 Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін».
27 Тады тысячнік, падышоўшы да яго, спытаўся: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так».
28 Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім».
29 Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.
Павел перад Сінэдрыёнам30 На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.