Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
2 Коринфянам 7 глава
Павел выяўляе свае пачуцці1 Таму, умілаваныя, маючы абяцанні, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, здзяйсняючы асвячэнне ў боязі Божай.
2 Прыміце нас! Мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не ашукалі, нікога не выкарыстоўвалі.
3 Не для асуджэння кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.
4 У мяне вялікае спадзяванне на вас, вялікая мне за вас пахвала. Я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю ў кожным нашым уціску.
Павел у Македоніі, дзе да яго далучаецца Ціт5 Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае не мела ніякай палёгкі, але ва ўсім пакутавалі: звонку — змаганні, унутры — боязь.
6 Але Бог, які суцяшае прыніжаных, суцешыў нас прыйсцем Ціта.
7 І не толькі яго прыйсцем, але і суцяшэннем, якім ён цешыўся сярод вас, расказваючы нам аб вашай руплівасці, вашым плачы, вашым клопаце пра мяне, таму я яшчэ больш узрадаваўся.
8 Калі я і засмуціў вас у пасланні, не шкадую. Калі і шкадаваў, — бо бачу, што гэтае пасланне на нейкі час засмуціла вас, —
9 цяпер радуюся, не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся для пакаяння. Вы засмуціліся паводле Божай волі, каб ні ў чым не мець ад нас шкоды.
10 Бо гэты смутак паводле Божай волі, яго не трэба шкадаваць, бо ён праз пакаянне вядзе да збаўлення, а смутак свету нясе смерць.
11 Вось жа сам сум, які згодны з Божай воляй, наколькі ж вялікую абудзіў у вас руплівасць, абарону, абурэнне, боязь, жаданне, клопат, адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе беззаганнымі ў гэтай справе.
12 Таму, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб выявілася руплівасць вашая аб нас перад Богам.
13 Дзеля гэтага мы спазнаем суцяшэнне. Яшчэ больш мы суцешыліся з прычыны радасці Ціта, бо яго дух умацаваўся дзякуючы ўсім вам.
14 Я не саромеўся, калі ў чым хваліўся вамі перад ім, але, як усё мы ў праўдзе сказалі вам, так і перад Цітам хвала нашая аказалася праўдзівай.
15 І сэрца яго тым больш хінецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго з бояззю і трымценнем.
16 Я радуюся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.
2 Коринфянам 7 глава в переводах