Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

1 Паралипоменон 15 глава

1 І пастанавіў ён сабе дамы ў месьце Давідавым, і прыгатаваў месца дзеля скрыні Божае, і разапнуў дзеля яе будан.
2 Тады сказаў Давід: «Ніхто ня мае насіць скрыні Божае, апрача Левітаў, бо іх абраў СПАДАР на тое, каб насіць скрыню Божую і служыць Яму на векі».
3 І зьбер Давід усіх Ізраялян да Ерузаліму, каб зьнесьці скрыню СПАДАРОВУ на месца яе, каторае ён дзеля яе прыгатаваў.
4 І зьбер Давід сыноў Ааронавых а Левітаў:
5 Із сыноў Когафовых — Урэля, начэльніка, а братоў ягоных, сто дваццацёх;
6 Із сыноў Мераравых — Асаю, начэльніка, а братоў ягоных, дзьвесьце дваццацёх;
7 Із сыноў Ґіршомавых — Ёеля, начэльніка, а братоў ягоных, сто трыццацёх;
8 Із сыноў Елісафановых — Шэмаю, начэльніка, а братоў ягоных, дзьвесьце;
9 Із сыноў Гэўронавых — Елеля, начэльніка, а братоў ягоных, асьмідзясят;
10 Із сыноў Узелявых — Амінадава, начэльніка, а братоў ягоных, сто двананцацёх.
11 І пагукаў Давід сьвятароў: Садока а Авафара, і Левітаў: Урэля, Асаю а Ёеля, Шэмаю а Елеля а Амінадава.
12 І сказаў ім: «Вы, начэльнікі айцоў Левітаў, пасьвяціцеся вы і браты вашы, і ўзьнясіце скрыню СПАДАРА, Бога Ізраелявага, на месца каторае я прыгатаваў ёй;
13 Бо, як уперад ня вы гэта рабілі, то СПАДАР, Бог наш, зрабіў паразу ў нас за тое, што мы ня шукалі Яго як мае быць».
14 І пасьвяціліся сьвятары а Левіты дзеля таго, каб узьнесьці скрыню СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
15 І несьлі сыны Левітаў скрыню Божую, як расказаў Масей подле слова СПАДАРОВАГА, на плячох сваіх, нашулкамі на сабе.
16 І казаў Давід начэльнікам Левітаў пастанавіць братоў сваіх пяюноў з музыцкімі снадзівамі, з псалтырамі а гусьлямі а цымбаламі, каб гралі, падыймаючы голас із радасьцяй.
17 І прызначылі Левіты: Гэмана Ёелёнка, і з братоў ягоных — Асафа Верэшонка, а із сыноў Мераравых, братоў іхных, Ефана Кушаёнка;
18 І зь імі братоў іхных другарадных: Захару, Бена а Яазеля а Шэмірамофа а Егіеля а Уня, Елява а Венаю а Маасэя а Матыфу а Еліфелегу а Мікнея а Овед-Едома а Ееля, брамнікаў,
19 І пяюноў: Гэмана, Асафа а Ефана — на мядзяных цымбалах, каб чулі;
20 А Захару а Азеля а Шэмірамофа а Егіеля а Уня а Елява а Маасэя а Веная — на аламоф;
21 А Матыфу а Еліфелегу а Мікнея а Овед-Едома а Ееля а Азазю — на гарпах, на шэмініце пачынаньне.
22 А Хенаня, начэльнік Левітаў у пяцьцю, і ён вучыў пяцьця, бо ён быў цямлівы ў ім.
23 А Верэха а Елкана былі вартаўнікамі ля скрыні.
24 А Шэваня а Ясапат а Нефанэль а Амасай а Захара а Веная а Елезэр, сьвятарове, трубілі ў трубы перад скрыняю Божай. Овед-Едом а Ега былі вартаўнікамі ля скрыні.
25 Гэтак Давід а старцы Ізраелявы а тысячнікі пайшлі ўзьнесьці скрыню змовы СПАДАРОВАЕ з дому Овед-Едомавага, зь весялосьцяй.
26 І як Бог памог Левітам, каторыя несьлі скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, тады зарэзалі сем цялят-бычкоў і сем бараноў.
27 Давід быў адзеўшы адзецьце зь цюнюсенькага палатна, і ўсі Левіты, каторыя несьлі скрыню, і пяюны, і Хенаня, начэльнік пяцьця пяюноў. На Давіду ж быў лянны наплечнік.
28 Гэтак увесь Ізраель узносіў скрыню змовы СПАДАРОВАЕ з гуканьням а з гукам рагоў а з трубамі а з цымбаламі, голасна гучачы на псалтырох а гусьлях.
29 І сталася, як скрыня змовы СПАДАРОВАЕ ўходзіла ў места Давідава, што Міхала Саўлішка выглядала ў вакно далоў і, абачыўшы караля Давіда, што скакаў а весяліўся, улегцы замела яго ў сэрцу сваім.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.