Библия » Пераклад Яна Станкевіча
2 Паралипоменон 19 глава
1 І зварачаўся Ясапат, кароль Юдэйскі, у супакою да дому свайго, да Ерузаліму.
2 І вышаў наўпярэймы яму Егу Гананёнак, відзеньнік, і сказаў каралю Ясапату: «Ці табе памагаць бязбожнаму і любіць тых, што ненавідзяць СПАДАРА? За тое гнеў на цябе ад СПАДАРА.
3 Адылі й добрае знойдзена ў табе ў тым, што ты выпратаў гаі ў зямлі і прыгатаваў сэрца свае шукаць СПАДАРА».
4 І жыў Ясапат у Ерузаліме. І ўзноў пачаў ён абходзіць люд ад Веер-Шэвы аж да гары Яхрэмавае, і наварачаў іх да СПАДАРА, Бога айцоў іхных.
5 І прызначыў судзьдзяў у зямлі па ўсіх умацаваных местах Юдэі, у кажным месьце,
6 І сказаў судзьдзям: «Глядзіце, што вы робіце; бо вы судзіце ня дзеля чалавека, але дзеля СПАДАРА, Каторы з вамі ў справе суду.
7 Дык хай страх СПАДАРОЎ будзе на вас: уважайце, што чыніце, бо няма бяспраўя ў СПАДАРА, Бога нашага, ані ўвагі на асобы, ані браньня лапаноў».
8 І ў Ерузаліме прызначыў Ясапат ізь Левітаў а ізь сьвятароў а з галоваў айцоў Ізраеля да суду СПАДАРОВАГА і да сьпярэчак. І яны зварачаліся да Ерузаліму.
9 І расказаў ім, кажучы: «Гэтак будзеце рабіць у страху СПАДАРОВЫМ, верна і з супоўным сэрцам.
10 І якая справа прыйдзе да вас ад братоў вашых, што жывуць у местах сваіх, меж крыві й крыві, меж Права й расказаньня, уставаў і судоў, вы перасьцерагайце іх, каб яны не грашылі супроці СПАДАРА, і гнеў ня прышоў на вас і на братоў вашых; гэтак чыніце і ня ізгрэшыце.
11 І вось, Амара, найвышшы сьвятар, над вамі ў кажнай справе СПАДАРОВАЙ, а Зэвада Ізмайлёнак, дзяржаўца дому Юдзінага, да ўсіх справаў каралеўскіх, таксама Левіты ўраднікі ў вас. Мацуйцеся а дзейце, і СПАДАР будзе з добрым».
2 Паралипоменон 19 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча