Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 19 глава

1 І вярнуўся Язафат, валадар Юды, у супакоі ў дом свой, у Ерусалім.
2 І выйшаў перад аблічча ягонае Егу, сын Ханані, відушчы, і сказаў валадару Язафату: «Ці будзем дапамагаць бязбожніку і любіць тых, якія ненавідзяць ГОСПАДА? За гэта гнеў на табе ад аблічча ГОСПАДА.
3 Аднак і рэч добрая знойдзена ў табе, бо ты зьнішчыў Астартаў у зямлі гэтай і падрыхтаваў сэрца сваё шукаць Бога».
4 І жыў Язафат у Ерусаліме. І ён вярнуўся, і выходзіў да народу ад Бээр-Шэвы аж да гары Эфраіма, і навяртаў іх да ГОСПАДА, Бога бацькоў іхніх.
5 І паставіў ён судзьдзяў у зямлі ў-ва ўсіх гарадах Юды, якія ўмацаваў, для кожнага гораду.
6 І сказаў судзьдзям: «Глядзіце, што вы робіце; бо вы судзіце ня дзеля чалавека, але дзеля ГОСПАДА, і Ён з вамі ў справе суду.
7 І цяпер, няхай страх перад ГОСПАДАМ будзе на вас. Зважайце на тое, бо няма беззаконьня ў ГОСПАДА, Бога нашага, ані зважаньня на аблічча, ані браньня хабараў».
8 І таксама ў Ерусаліме паставіў Язафат [судзьдзяў] з лявітаў, са сьвятароў і з галоваў [дамоў] бацькоў Ізраіля для суду ГОСПАДА і для [вырашэньня] спрэчак. І яны вярнуліся ў Ерусалім.
9 І загадаў ён ім, кажучы: «Гэтак будзеце рабіць у страху перад ГОСПАДАМ, верна і са шчырым сэрцам.
10 І ў-ва ўсякай спрэчцы, якая прыйдзе да вас ад братоў вашых, што жывуць у гарадах сваіх, адносна крыві і крыві, адносна Закону і прыказаньня, адносна пастановаў і судоў, вы перасьцерагайце іх, каб яны не грашылі супраць ГОСПАДА і каб гнеў [Ягоны] не прыйшоў на вас і на братоў вашых. Гэтак рабіце і не саграшыце.
11 І вось, Амарыя, сьвятар, [будзе] галавой над вамі ў кожнай справе ГОСПАДА, а Зэвадыя, сын Ізмаэля, правадыр дому Юды, [будзе] над усімі справамі валадара, а таксама лявіты [будуць] пісарамі перад абліччам вашым. Будзьце мужныя і рабіце. І няхай ГОСПАД будзе з добрым».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.