Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

2 Паралипоменон 4 глава

1 І зрабіў мядзяны аброчнік: дваццаць локцяў удаўжкі ён, і дваццаць локцяў ушыркі ён, і дзесяць локцяў увышкі ён.
2 І зрабіў мора адліванае, — дзесяць локцяў ад краю аж да краю яго, — усе круглае, увышкі пяць локцяў; і ліня трыццацёх локцяў рабіла акругу яго навокал;
3 І пад ім падобнасьць валоў стаяла навокал з усіх бакоў; на дзесяць локцяў абступалі мора навокал два рады валоў, адлітых, як яно было адлівана.
4 Стаяла яно на двананцацёх валох: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на паўдня, і тры глядзелі на ўсход, і мора на іх зьверху; зады ж іх былі ўнутр.
5 І ўтаўшкі на даланю яно; і краі яго, як краі чары, як квет лілі. Яно тоўпіла а дзяржала тры тысячы вядзёр.
6 І зрабіў дзесяць мыцельнікаў, і пастанавіў пядь па правым баку і пяць па левым, каб амываць у іх, — гатаванае на ўсепаленьне паласкалі ў іх; мора ж — сьвятаром, каб яны амываліся ў ім.
7 І зрабіў дзесяць залатых сьветачаў, як ім быць належыла, і пастанавіў у палацу, пяць па правым баку і пяць па левым.
8 І зрабіў дзесяць сталоў, і пастанавіў у палацу, пяць па правым баку і пяць па левым, і зрабіў сто залатых крапільніц.
9 І зрабіў сьвятарскі панадворак, і вялікі аддзел, і дзьверы да аддзелу, і ашаляваў дзьверы іх медзяй.
10 І пастанавіў мора на правым баку ўсходняга канца, на супроці паўдня.
11 І зрабіў Гурам гаршкі а лапаткі а крапільніцы. І скончыў Гурам работу, што ён меў рабіць каралю Салямону да дому Божага:
12 Два стаўпы а місы а кароны а апукі на версе двух стаўпоў, і дзьве ґірлянды накрыць акругі місаў каронаў, каторыя на версе стаўпоў,
13 І чатырыста гранатовых яблыкаў на дзьвюх ґірляндах, два рады гранатовых яблыкаў на кажнай ґірляндзе, пакрыць дзьве місы каронаў, што на стаўпох.
14 І падстаноўкі зрабіў, і мыцельнікі зрабіў на падстаноўках;
15 Адно мора, і двананцаць валоў пад ім,
16 І гаршкі, і лапаткі, і відзёлкі да мяса, і ўсі іх снадзівы зрабіў Гурам, айцец ягоны, каралю Салямону да дому СПАДАРОВАГА, із зыркае медзі.
17 У ваколіцах Ёрдану адліваў іх кароль, у густой зямлі, памеж Сукофу й Цэрэды.
18 І зрабіў Салямон усі рэчы гэтыя ў вялікай множасьці, ажно не даведаваліся вагі медзі.
19 І зрабіў Салямон усе судзьдзе да дому Божага: і залаты аброчнік, і сталы, і на іх хлеб Выкладу,
20 І сьветачы, і лянпы іх із чыстага золата, каб сьвяціць іх подле звычаю перад нутраным пакоям;
21 І кветкі, і лянпы, і абцугі залатыя, з найчыстшага золата,
22 І абцужкі да сьвечак, і чары, і ложкі, і кадзільніцы з чыстага золата; і ўход дому: нутраныя дзьверы яго да Сьвятога-Сьвятых, і дзьверы дому палацу, із золата.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.